Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/68

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

пакрытыя тоўстым пластам гразі. Пад воссю цяжкі ланцуг прымацаваны быў да абодвух канцоў восі і вісеў у выглядзе гушкалкі, амаль датыкаючыся да зямлі.

У гэты вечар на гушкалцы сядзелі дзве чароўныя дзяўчынкі. Адной было гады два з паловай, другой годы паўтары. Малодшая сядзела на руках у старэйшай. Абедзве былі лоўка прывязаны хусткай да данцуга, каб не маглі ўпасці. Як відаць, гэта зрабіла маці. За некалькі крокаў ад іх, на парозе дома, стаяла жанчына, напэўна маці гэтых двух дзяўчынак, і трымала на руках трэцяе дзіця, калышучы ў той-жа час пры дапамозе вяроўкі, прывязанай да ланцуга, сядзеўшых на гушкалцы дзяўчынак.

Яна так занята была сваёй справай, што не заўважыла, як нехта ззаду падышоў да яе і сказаў амаль над самым вухам:

— Якія ў вас чароўныя дзеці, сударыня!

Жанчына абярнулася. Перад ёю стаяла другая жанчына, у якой таксама на руках спала дзіця. Апрача таго, яна несла яшчэ туга напакаваны мяшок.

Дзіця гэтай другой жанчыны было цудоўнае маленькае стварэнне. То была дзяўчынка ад двух да трох год. На ёй адзета была прыгожая сукенка, абшытая істужкамі і кружавамі. Увесь тварык яе дыхаў свежасцю і здароўем, а вялікія цёмныя расніцы кідалі цень на шчочкі. Яна спала глыбокім сном.

Што датычыцца маці, то выгляд у яе быў жалкі і сумны. Яна была апранута, як работніца, якая жадае зноў зрабіцца сялянкай. Яна была маладая. Яе валасы, светлая пасма якіх вылезла з-пад нязграбнага чапца, былі, мабыць, вельмі пышныя, але цяпер, сабраныя абы як, здаваліся нават непрыгожымі. Магчыма, у яе былі прыгожыя зубы, але яна не смяялася і таму іх не было відаць. Вочы яе, відаць, не высыхалі ад слёз. Яна была бледная і мела стомлены і хваравіты выгляд. Яна глядзела на дзяўчынку, што спала на яе руках, позіркам, уласцівым маткам, выкарміўшым дзіця ўласнымі грудзьмі. Рукі яе агрубелі ад работы, пальцы былі папраколваны іголкай. На ёй была грубая баваўняная сукенка і тоўстыя чаравікі. То была Фантына. Фантына, якую-б цяжка было і пазнаць. Між тым, уважліва ўгледзеўшыся ў яе, можна было-б яшчэ знайсці ў яе твары сляды ранейшага хараства. Нейкая сумная іранічная зморшчынка прарэзала яе правую шчаку, а цудоўны пышны туалет яе знік, як іней пры першых праменнях сонца.

Дзесяць месяцаў мінула з дня „вясёлага жарту“.

Што адбылося за гэтыя дзесяць месяцаў, лёгка здагадацца.