Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/544

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Вось бачыце, — сказала Казета ўся ў слязах, — Марыус гаворыць, што вы не памрэце.

Жан Вальжан усё ўсміхаўся.

— Калі вы возьмеце мяне да сябе, пан Панмерсі, хіба я зраблюся іншы, як ёсць? Не. Я павінен адыйсці. Смерць — добрая развязка. Будзьце шчаслівы з Казетай, і няхай свеціць вечнае сонца над вамі. Я-ж больш нікому не патрэбны і паміраю. Я адчуваю, што ўсё скончана. Гадзіну таму назад я страціў прытомнасць. Ноччу мяне біла ліхарадка. Які добры твой муж, Казета! Табе з ім шмат лепш, чым са мной.

Казета намагалася сказаць штосьці, але рыданні душылі яе. Зрэдку выляталі толькі адрывістыя словы:

— Бацька, не пакідайце нас! Ці магчыма, каб мы знайшлі вас для таго, каб зараз-жа страціць.

Стары схапіў рукаў Казеты і прыціснуў яго да губ.

— Вы вельмі добрыя абодва, — сказаў ён. — Я вам скажу, што прынесла мне самае вялікае гора. Гэта тое, што вы не хацелі карыстацца грашыма, якія цалкам належаць вашай жонцы. Я вам зараз вытлумачу, дзеці мае, і рад, што вы прышлі. Я прыдумаў больш танны і лёгкі спосаб выпрацоўкі шклярусу і гэтым набыў сабе багацце. Гэта вы ўсё прачытаеце ў пісьме, што я напісаў, так што грошы гэтыя цалкам вашы. Я тлумачу вам гэта для таго, каб вы былі спакойны духам.

Казета і Марыус стаялі перад паміраючым, поўныя роспачы і гора, не ў сілах вымавіць ні слова. З кожнай хвілінай ён слабеў усё больш і больш. Ён набліжаўся да змрочнага гарызонта. Дыханне яго зрабілася перарывістае. Члены абцяжэлі, але веліч душы яшчэ ярчэй ззяла на яго чале.

Твар яго бляднеў і ўсміхаўся. У ім не было больш жыцця — было нешта іншае. Дыханне слабела, позірк цьмянеў.

Ён зрабіў Казеце знак наблізіцца. Потым заклікаў і Марыуса. Відавочна, гэта была апошняя хвіліна апошняй гадзіны. Ён пачаў гаварыць ім голасам такім слабым, што, здавалася, ён выходзіў аднекуль здалёку, нібы між іх стаяла цяпер сцяна.

— Падыйдзіце, падыдзіце абодва! Я вас вельмі люблю. Як добра так паміраць! Ты-ж таксама мяне любіш, мая Казета? Ты паплачаш па мне крыху, праўда? Але не асабліва, я не хачу, каб ты занадта засмучалася. Вам трэба весяліцца, дзеці мае. Я табе завяшчаю падсвечнікі, Казета, што стаяць цяпер на стале; яны срэбныя, але для мяне яны залатыя і нават брыльянтавыя. Я не ведаю, ці здаволены мною той, хто даў мне іх. Я рабіў, што мог. Дзеці мае, не за-