Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/545

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

будзьце, што я бядняк, і таму пахавайце мяне ў якім-небудзь закінутым кутку могілак. Над магілай пакладзіце толькі камень, для таго, каб адзначыць месца. Гэта мая воля. На камені не трэба надпісу. Калі Казета і вы, пан Панмерсі, будзеце часам прыходзіць да мяне, я буду вельмі задаволены. Я павінен вам прызнацца, што не заусёды любіў вас. Даруйце мне! Цяпер вы і яна для мяне адно. Я вам вельмі ўдзячны. Я адчуваю, што вы зробіце яе шчаслівай. У камодзе вы знойдзеце пяцьсот франкаў, ― раздайце іх бедным. Казета, бачыш на ложку сваю сукеначку? Ці пазнаеш яе? З таго часу прайшло ўсяго дзесяць год. Як час ідзе! Не плачце, дзеці мае. Памятаеш, Казета, як я спаткаў цябе у лесе у Манфермейлі? Як ты баялася! Я ўзяў у цябе з рук вядро, а ручкі ў цябе былі тады чырвоныя і халодныя. А ляльку памятаеш? Ты звала яе Кацярынай. Гэтыя Тэнард’е былі злыя людзі. Трэба ім усё дараваць. Казета, настаў час пазнаць табе імя тваёй маці. Яе звалі Фантынай. Запомні гэтае імя: Фантына. Станавіся на калені кожны раз, калі будзеш вымаўляць яго. Яна шмат пакутвала і вельмі любіла цябе... Ёй паслужыла на няшчасце ўсё тое, што табе прынесла шчасце. Я адыходжу, дзеці мае. Любіце заўсёды адзін аднаго. На свеце нічога няма іншага, апрача шчасця любіць. Успамінайце часам пра беднага старога, які тут памёр. О, мая Казета, я не вінаваты, што мы ў апошні час не бачыліся! Гэта разрывала мне сэрца. Я даходзіў да рога тваёй вуліцы і здаваўся, напэўна, вельмі смешным усім прахожым. Аднойчы я вышаў нават без капелюша. Дзеці мае, я больш не бачу ясна, мне яшчэ трэба нешта сказаць, але ўсёроўна. Думайце часам пра мяне крыху. Вы шчаслівыя стварэнні. Не ведаю, што са мною... Я бачу святло... Падыйдзіце яшчэ бліжэй... Я паміраю шчаслівы... Дайце мне вашы дарагія, мілыя галовы, каб я мог ускласці на іх рукі...

Казета і Марыус упалі на калені, падаўленыя горам і захлёбваючыся ад рыданняў. Абодва прытуліліся да рук Жана Вальжана. Яны былі нерухомыя.

Ён адкінуўся назад, полымя свечак азарала яго. Ён дазваляў Казеце і Марыусу пакрываць пацалункам свае рукі. Ён быў мёртвы.

Была бяззорная і вельмі цёмная ноч.


На могілках Пер Лашэз, недалёка ад агульнай магілы, воддаль ад раскошных і багатых помнікаў, каля старой сцяны, пад вялікім тысавым дрэвам ляжыць камень. Час пакрыў яго імхом і лішаямі. Да яго не вядзе ніякая сцежка, туды ніхто не заглядае, і таму трава высока разраслася