Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/483

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

XLIV

ТАЯМНІЦЫ ПАДЗЕМНАГА ПАРЫЖА

Жан Вальжан апынуўся ў парыжскай клаацы. Пераход быў дзівосны. Сярод горада Жан Вальжан апынуўся па-за ім. У адно імгненне вока ён перайшоў ад яркага святла да поўнай цемры, ад паўдня да поўначы, ад аглушальнага шуму да поўнай цішыні і ад самай немінучай небяспекі да поўнага ратунку. Толькі ранены не варушыўся на плячах у яго, так што ён не ведаў, ці нясе з сабою ў гэты склеп жывога, ці мёртвага чалавека.

Першым яго адчуваннем было асляпленне: усё раптам сцямнела вакол яго. Адну хвіліну яму здалося, што ён таксама і аглух. Ён нічога больш не чуў. Да яго не даносіўся больш шум шалёнай разні дзякуючы тоўстаму пласту зямлі над яго галавой; чуваць быў толькі далёкі гул, нібы з прадоння. Пад нагамі ў яго была цвёрдая глеба. Ён працягнуў руку ў адзін і ў другі бок і абодва разы дакрануўся да сцяны, з чаго зрабіў вывад, што знаходзіцца ў вузкім праходзе; паслізнуўшыся, ён пераканаўся, што пад нагамі мокра, таму пайшоў наперад з большай асцярожнасцю, баючыся ямы ці правалу.

Праз некалькі хвілін вочы яго прывыклі да цемры, і ён пачаў сёе-тое адрозніваць. Трэба было ісці наперад як-бы там не было, іначай рашотка будзе заўважана салдатамі, якія таксама могуць спусціцца ў калодзеж і адшукаць яго. Ён адважна пусціўся зноў у дарогу і паглыбіўся ў цемру.

Па сутнасці, ён знаходзіўся ў большай небяспецы, чым дапускаў: яму пагражалі міязмы і студні — жахі не менш страшныя, чым бітва. Жан Вальжан трапіў з аднаго кола пекла ў другое.

Прайшоўшы крокаў пяцьдзесят, ён спыніўся. Праход, па якім ён ішоў, злучаўся з другім, які цягнуўся ў папярэчным кірунку і разыходзіўся ў два бакі. У які ісці? Жан Вальжан рашыў было ўзяць налева, таму што ў гэты бок дарога ішла спадзіста, значыць, спускалася да ракі, і такім чінам можна было хутка апынуцца ля вусця канала, дзе-небудзь на беразе Сены.

Але, з другога боку, з’явіцца сярод белага дня ў якой-небудзь многалюднай часці наберажнай з мёртвым чалавекам на плячах азначала звярнуць на сябе ўвагу прахожых і праз хвіліну папасці ў рукі паліцыі. Гэта было-б больш чым бязглузда. Лепш аддацца на волю лёсу. І Жан Вальжан павярнуў направа.

Ён ішоў наперад смела, але з трывогай у душы. Мала-