Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/482

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Праз чвэрць гадзіны барыкада была ўзята. Салдаты пачалі абшукваць суседнія дамы і праследаваць беглякоў. Потым усё супакоілася, і настала цішыня.

Марыус быў сапраўды ў палоне, але ў палоне ў Жана Вальжана. Рука, якая падхапіла яго ў час падзення, была яго рука.

Жан Вальжан не прымаў дзейнага ўдзелу ў бітве, што, аднак, не перашкаджала яму афяроўваць сабою. Ён падбіраў раненых і забітых і пад градам куль пераносіў іх у зал; ён папраўляў барыкаду. Але ўсё гэта рабілася моўчкі. Між іншым, ён атрымаў усё-такі некалькі царапін.

У час бітвы ён нібы не звяртаў увагі на Марыуса; пасутнасці-ж ён не спускаў яго з вачэй. Калі стрэл паразіў маладога чалавека, Жан Вальжан з хуткасцю тыгра, які кідаецца на сваю афяру, падхапіў яго і аднёс. Ніхто не заўважыў гэтага ў запале бітвы.

Жан Вальжан аднёс Марыуса да малой барыкады. Там ён спыніўся, паклаў цела на зямлю і прыхінуўся да сцяны. Становішча было жахлівае. Як выйсці адсюль? Праз дзве ці тры хвіліны ўварвуцца салдаты, і тады няма ратунку. Вакол узвышаліся сцены; бегчы па вуліцах з целам на плячах немагчыма, таму што ўсе вуліцы перапоўнены войскамі. За сценамі чакала смерць. Што рабіць?

Неабходна было зноў, як і ў тую страшную ноч, адразу-ж знайсці выхад як-бы там не было. Жан Вальжан зірнуў на дом, потым на барыкаду, потым на зямлю і ўпаў у роспач.

Раптам пад нагамі, за некалькі крокаў наперадзе, ён убачыў пад грудай камення схаваную напалавіну рашотку футы два ў дыяметры. Праз перакладзіны была відаць цёмная адтуліна, падобная да коміна. Жан Вальжан кінуўся да рашоткі, і старая здольнасць рабіць незвычайныя ўцёкі зноў вярнулася да яго. У адну хвіліну ён раскідаў каменне, падняў рашотку, усклаў на плечы цела Марыуса і з дапамогаю локцяў і каленяў спусціўся ў калодзеж. На шчасце, ён аказаўся не вельмі глыбокі, і Жан Вальжан хутка крануўся падэшвамі каменных пліт дна. Ён апынуўся ў даўгім падземным калідоры. Глыбокі спакой, цішыня і цемра панавалі ў ім.

І ён зноў адчуў тое-ж самае, што і некалькі год таму назад, калі з вуліцы трапіў за манастырскую агарожу.

Але толькі цяпер з ім была не Казета, а Марыус.

Ледзь чутна над галавой у яго пачулася глухое ракатанне і страшная сумятня апошніх хвілін абаронцаў „Карынфа“, якія гінулі геройскай смерцю.