Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/443

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

паядынак. Праз некаторы час, захоплены коламі гэтых таямнічых прыгод, у якіх замяшалася страсць, зрабіўшыся ахвярай катастрофы, у якой французскае правасуддзе знайшло шмат акалічнасцей, змяншаючых яго віну, ён быў прыгавораны айглійскім правасуддзем да кары смерцю. Бартэлемі быў павешаны.

Гнусны грамадскі лад прывёў да таго, што гэты злашчасны чалавек, поўны розуму, цвёрды і верны, магчыма вялікі чалавек, пачаў сваё жыццё ў Францыі катаргай і скончыў яго ў Англіі на шыбеніцы. Бартэлемі ва ўсіх выпадках патрэбы падымаў толькі адзін сцяг — чорны сцяг.

Шаснаццаць год падпольнай падрыхтоўкі паўстання былі тэрмінам, зусім дастатковым для таго, каб чэрвень 1848 года ведаў і ўмеў больш, чым чэрвень 1832 года. Такім чынам барыкада на вуліцы Шанврэры была толькі першай спробай і зародкам у параўнанні з гіганцкімі барыкадамі, якія мы зараз апісалі. Але для свайго часу яна была страшная.

Паўстанцы пад наглядам Анжальраса, які ўзяўся за справу таму, што Марыус зрабіўся безудзельным, стараліся скарыстаць начны час. Барыкада аказалася не толькі папраўленай, але яе яшчэ і надбудавалі. Яны зрабілі яе на два футы вышэй. Жалезныя палосы, уткнутыя ў брук між камення, здаваліся нахіленымі наперад коп’ямі. Рознае ламачча, нацяганае адусюль, дапамагло дакончыць умацаванне знадворнага боку барыкады. Рэдут па ўсіх правілах навукі меў гладкую сцяну ўнутры і няроўную калючую паверхню знадворку.

З булыжніка склалі леснічку, якая давала магчымасць узбірацца на барыкаду, як на сцяну цытадэлі.

Упарадкавалі гаспадарчы бок барыкады, ачысцілі ніжні зал, ператварылі кухню ў паходны шпіталь, зрабілі перавязкі раненым, шчыпалі корпію, ачысцілі ўнутранасць рэдута, падабралі абломкі, вынеслі трупы.

Забітых склалі ў кучу ў завулку Мандэтур, які ўсё яшчэ аставаўся ў іх распараджэнні. У ліку забітых было чацвёра нацыянальных гвардзейцаў. Анжальрас загадаў адкласці ў бок знятыя з іх мундзіры.

Анжальрас раіў заснуць гадзіны дзве. Парада Анжальраса была загадам. Тым не менш яе скарысталі ўсяго трое ці чацвёра.

Фейі скарыстаў гэтыя дзве гадзіны для таго, каб выразаць на знадворным фасадзе шынка словы:

„Няхай жывуць народы!“

Усе гэтыя тры словы, выскрабаныя цвікам на пясчаніку, можна было бачыць яшчэ ў 1848 годзе.