Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/444

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Тры жанчыны скарысталі начны перапынак, каб канчаткова знікнуць, што значна палягчала паўстанцам іх становішча. Яны знайшлі сродак схавацца ў нейкім суседнім доме.

Большая частка раненых магла і хацела яшчэ ваяваць. У кухні, ператворанай у паходны шпіталь, на сеннічку і на вязанках саломы ляжалі пяцёра сур’ёзна раненых; двое з іх былі салдаты муніцыпальнай гвардыі.

Салдаты муніцыпальнай гвардыі былі перавязаны першыя.

У ніжнім зале аставаўся толькі нябожчык, прыкрыты чорным сукном, і Жавер, прывязаны да слупа.

— Тут будзе мярцвецкая, — сказаў Анжальрас.

У глыбіні гэтага пакоя, слаба асветленага сальным агаркам, стол, на якім ляжаў нябожчык, стаяў ззаду за слупам і меў выгляд папярэчнай перакладзіны. Постаць Жавера, які стаяў ля слупа, і цела нябожчыка, што ляжала на стале, ўтварылі выгляд крыжа.

Дышла амнібуса, хоць і пакарочанае стрэламі, трымалася яшчэ настолькі, што да яго можна было прывязаць сцяг.

Анжальрас, які меў усе якасці правадыра, прывязаў да гэтага дрэўка прастрэленую, акрываўленую вопратку забітага старога.

Есці не было чаго, таму што не было ні хлеба, ні мяса. Пяцьдзесят чалавек, якія абаранялі барыкаду, знаходзіліся тут ужо шаснаццаць гадзін, і за гэты час хутка зрасходваўся запас правізіі, што была ў шынку. У пэўны момант кожная барыкада немінуча робіцца плытам Медузы, і абаронцам яе даводзіцца цярпець голад.

На світанні памятнага дня шостага чэрвеня, на барыкадзе Сен-Меры, Жан, абкружаны інсургентамі, якія патрабавалі хлеба, на крыкі: „Есці!“ адказваў: „Навошта? Цяпер тры гадзіны, у чатыры мы памром“.

Паколькі есці не было чаго, то Анжальрас забараніў і піць. Віно ён забараніў піць зусім, а гарэлку размеркаваў на порцыі.

У склепе знайшлі пятнаццаць герметычна закупораных бутэлек. Анжальрас і Камбфер агледзелі іх. Камбфер, вылязаючы са склепа, абвясціў:

— Гэта з старых запасаў Гюшлу, які пачаў сваю дзейнасць бакалейшчыкам.

— Гэта, напэўна, сапраўднае віно, — заўважыў Басюэт. — Добра, што Грантар спіць. Каб ён быў на нагах, цяжка было-б выратаваць гэтыя бутэлкі.

Анжальрас, не гледзячы на нараканне акружаючых, наклаў забарону на гэтыя бутэлькі, а каб ніхто не крануў іх, каб зрабіць іх, так сказаць, свяшчэннымі, ён загадаў паставіць бутэлькі пад стол, на якім ляжаў нябожчык.