Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/431

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Марыуса з Казетай. Яна недзе дастала мужчынскае адзенне, пераапранулася, потым на Марсавым полі, убачыўшы Жана Вальжана, кінула яму запіску з словам „Пераязджайце“. Жан Вальжан, вярнуўшыся дадому, сказаў Казеце:

— Сёння ўвечары мы з Тусен пераязджаем на вуліцу Ом Армэ. Праз тыдзень мы будзем у Лондане.

Тады Казета паспяшалася напісаць Марыусу. Але як перадаць пісьмо? Адна яна ніколі не выходзіла, а даручыць яго служанцы — дык тая, не гаворачы ні слова, здзіўленая даручэннем, аднесла-б пісьмо проста Жану Вальжану.

Страшэнна ўсхваляваная вышла Казета ў сад і ўбачыла праз рашотку пераапранутую Эпаніну. Яна паклікала яе, дала ёй пяць франкаў і папрасіла аднесці пісьмо па адрасу. Тая паклала пісьмо ў кішэню. На другі дзень яна адправілася да Курфейрака, але там Марыуса не застала, а калі Курфейрак закрычаў ёй, што адпраўляецца на барыкады, то ў яе бліснула ў галаве думка. Упэўненая, што Марыус увечары пойдзе на звычайнае спатканне, яна пабегла на вуліцу Плюме і ад імя прыяцеляў паклікала яго на барыкады. Яна была ўпэўнена, што Марыус, не знайшоўшы Казеты, прыдзе ў роспач, і не памылілася. Астатняе вядома. Яна памерла, уносячы з сабою ўпэўненасць, што і Марыус памрэ і, такім чынам, нікому не дастанецца.

Марыус пакрыў пацалункамі пісьмо Казеты. Дык яна яго кахае!

Адну хвіліну ён падумаў, што яму няма для чаго паміраць цяпер. Потым ён сказаў сабе: „Бацька вязе яе ў Англію, а мой дзед не дазваляе мне жаніцца. Жыць, значыць, няма для чаго. Лепш хутчэй пакончыць“. Тады ён рашыў папярэдзіць аб сваёй смерці Казету і выратаваць ад няўхільнай гібелі Гаўроша, сына Тэнард’е і брата Эпаніны.

Ён вырваў з запісной кніжкі лісток паперы і напісаў алоўкам:

„Наш шлюб немагчымы. Дзед адмовіў мне ў згодзе. Я бедны, ты таксама. Я быў у цябе і не знайшоў цябе больш. Ты памятаеш слова, данае мною табе? Я трымаю яго. Я паміраю. Я кахаю цябе. Калі ты будзеш чытаць запіску, душа мая будзе лунаць вакол цябе і ўсміхацца табе“.

Ён склаў лісток і надпісаў адрас Казеты і яе імя.

Потым у той-жа запісной кніжцы, падумаўшы некалькі хвілін, напісаў наступнае:

„Мяне завуць Марыус Панмерсі. Труп мой аднясіце дзеду майму, пану Жыльнарману, вуліца Філь дзю Кальвер, №6, у Марэ“.