Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/430

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

нула ў сябе. Я не хацела, каб вы атрымалі яго. Але цяпер вазьміце.

Яна паказала яму на кішэню. Марыус выцягнуў адтуль пісьмо.

— Цяпер, — сказала яна, — за гэта абяцайце мне...

— Што?

— Абяцаеце?

— Абяцаю.

— Абяцайце мне пацалаваць мяне, калі я памру. Я гэта адчую.

Яна зноў апусціла галаву на калені Марыуса і заплюшчыла вочы.

Ён думаў, што душа яе ўжо адляцела. Эпаніна ляжала, не рухаючыся. Раптам, у тую хвіліну, калі Марыус лічыў яе ўжо заснуўшай навекі, яна паволі адплюшчыла вочы, у якіх разліта была ўжо глыбокая цемра смерці, і з лагоднасцю, здавалася, зыходзячай ужо з другога свету, сказала:

— Ведаеце, пан Марыус, мне здаецца, я была крыху ў вас закахана.

Яна паспрабавала ўсміхнуцца і сканала.

ХХХІV

ВУЛІЦА ОМ АРМЭ[1]

Марыус стрымаў абяцанне. Ён пацалаваў бледны лоб, пакрыты кроплямі халоднага поту. Гэта было апошняе развітанне з адпакутваўшай душою.

Не без хвалявання ўзяў ён пісьмо, пераданае яму Эпанінай. Ён адразу адчуў, што ў ім заключаецца нешта важнае.

Ён ціха апусціў галаву памёршяй на зямлю і пайшоў. Ён увайшоў у зал шынка і, падышоўшы да агню, зірнуў на пасланне. Гэта была маленькая запіска, складзеная ў чатыры разы і старанна запячатаная. Зверху жаночым почыркам быў напісаны яго адрас. Ён зламаў пячатку і прачытаў:


„Мой дарагі! Увы, бацька хоча, каб мы выехалі зараз-жа. Сёння ўвечары мы будзем на вуліцы Ом Армэ, №7. Праз тыдзень мы выязджаем у Англію. Казета. 4 чэрвеня.“


Усё, што было да гэтай хвіліны, можа быць перадана ў двух словах: усё зрабіла Эпаніна. Пасля сваёй сустрэчы 3 чэрвеня з бацькам і іншымі машэннікамі ля рашоткі саду на вуліцы Плюме яна рашыла як бы там ні было разлучыць

  1. „Ом Армэ“ — літаральна азначае: „узброены чалавек“.