Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/384

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Трэба хутчэй убірацца адсюль. Марудзіць няма чаго, — ціха, але ясна праказаў першы незнаёмы.

— А дождж-жа які, нібы хоча патушыць увесь агонь у пекле! — сказаў другі. — У дадатак, то і глядзі, пройдзе патруль. А тут побач часавы. Сапраўды, як-бы нас не сцапалі!

Па некаторых асаблівасцях гаворкі абодвух гутарыўшых Тэнард’е пазнаў у адным з іх Бружона, а ў другім — Бабэ.

— Пачакаем яшчэ крыху, — сказаў трэці. — А можа нас ніхто тут не заўважыць. Скуль ведаць: магчыма, мы яму і спатрэбімся.

У трэцім незнаёмым па далікатнай мове Тэнард’е пазнаў франта Манпарнаса, які добра ведаў усе арго, але не жадаў гаварыць ні на адным з іх.

Чацвёрты маўчаў, але Тэнард’е па яго шырокіх плячах здагадаўся, што гэта Гельмер.

— Па-мойму, няма чаго чакаць! — запярэчыў Бружон Манпарнасу. — Шынкару, напэўна, не ўдалося ўцячы. Дзе ўжо яму ведаць, як узяцца за такую справу! Не з яго розумам! Нарабіць з кашулі і прасціны стужак і звіць з іх вяроўку, прасвідраваць дзверы, зрабіць фальшывыя ключы, разбіць свае кайданы, сумець спусціць вяроўку, вылезці вон, хавацца, пераапранацца і іншае — хіба ўсё гэта так лёгка? Не здолеў гэтага стары і астаўся там, дзе быў. Не ўмее ён працаваць!

— Так, напэўна, яму не ўдалося, — падтрымаў таварыша і Бабэ. — Тут трэба быць майстрам, а ён толькі вучань, — казаў далей Бабэ. — Хутчэй за ўсё ён даў сябе ашукаць каму-небудзь. Чуеш, Манпарнас, як там загалдзелі? Бачыш, як яны ўсюды зашныралі з усімі сваімі асвятляльнымі прыладамі? Гэта азначае, што яго сцапалі. Зрабіў толькі тое, каб яго асудзілі яшчэ на дваццаць год. Я не палахлівец, гэта вы ўсе ведаеце, але думаю, што нам лепш за ўсё ўцякаць адсюль падабру-паздарову, калі мы не хочам зноў папасціся. Не злуйся, пойдзем вось лепш з намі і разап’ем бутэлечку добрага вінца.

— Не добра кідаць прыяцеляў у няшчасці, — праказаў Манпарнас.

— Ды кажуць табе, што яго злавілі і зноў заканапацілі. Цяпер твайму шынкару капут. Нам яго не выратаваць. Пойдзем хутчэй. Мне так і вярзецца, што мяне хапаюць за рукі.

Манпарнас пачынаў здавацца. Справа ў тым, што гэтыя чатыры разбойнікі, з уласцівай паўшым людзям вернасцю адзін аднаму, калі трэба выручаць таварыша, усю ноч прабрадзілі ў адзіночку вакол турмы з надзеяй убачыць Тэнард’е