Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/383

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ён з тугою запытваў у сябе: ці ўдаліся ўцёкі тром яго супольнікам, ці чулі яны яго і ці з’явяцца яны яму на дапамогу? Ён напружана прыслухоўваўся да таго, што рабілася ўнізе. Пакуль ён тут ляжаў, па вуліцы ніхто не праходзіў, апрача патруля. Амаль усе гароднікі з Мантрэйля, Шароны, Венсена і Берсі праходзяць на рынак па вуліцы Сент-Антуан.

Але вось прабіла і чатыры гадзіны. Тэнард’е задрыжэў. Праз некалькі імгненняў у турме пачаўся той страшэнны перапалох, які заўсёды выклікаецца выяўленнем уцёкаў каго-небудзь са зняволеных. Да вушэй Тэнард’е даносілася стуканне дзвярэй, рыпенне кратаў на петлях, шум сумятні на гауптвахце, хрыплыя крыкі турэмшчыкаў, бразганне прыкладаў аб каменныя пліты двара. У кратчастых вокнах дартуараў мільгалі агні: то ў адным паверсе, то ў другім. Бегалі з факеламі па Бель-Эры, выклікалі пажарных з суседніх казармаў. Хутка на дахах заблішчэлі іх медныя каскі, асветленыя факеламі сярод дажджу. У той-жа час Тэнард’е ўбачыў з боку Бастыліі бледную паласу ранішняга золаку, які няясна абрысоўваўся на гарызонце.

Ён ляжаў на версе сцяны шырынёю ў дзесяць дзюймаў, пад праліўным дажджом, на краі двух прорваў, якія зіялі пад ім з абодвух бакоў, ляжаў так, што не мог зварухнуцца, мучачыся думкаю аб магчымасці падзення ў бяздонне і жахам чакання, што вось-вось яго знойдуць і схопяць. „Калі кінуся ўніз — заб’юся на смерць; калі астануся тут — буду схоплены“, думалася яму. Іншага выніку сваіх уцёкаў ён не бачыў у гэтую жахлівую хвіліну.

У гэтай пакутлівай трывозе ён раптам заўважыў, як па цёмнай вуліцы ўздоўж дамоў пракрадаўся чалавек, які вышаў з вуліцы Павэ. Незнаёмы вышаў на пустку і спыніўся ў глыбіні той прорвы, над якой нібы павіс Тэнард’е. За гэтым чалавекам з розных бакоў з’явіліся яшчэ трое, таксама крадучыся. Калі яны ўсе сабраліся на пустцы і апынуліся якраз пад Тэнард’е, апошні пачуў шэпат іх галасоў. Адзін з іх адсунуў засаўку ў фортцы плоту, і ўсе чацвёра ўвайшлі ў агарожу. Тэнард’е быў упэўнены, што гэтыя людзі сабраліся ў гэтым закавулку з мэтаю без перашкоды пагутарыць аб сваіх асабовых справах воддаль ад вачэй прахожых і часавога, які стаяў на пасту ля варот Ла-Форс. Праўда, ён стаяў усяго за некалькі крокаў ад пусткі, але дождж трымаў яго ў гэты час у будцы. Хоць Тэнард’е і лічыў сябе загінуўшым, але ён усё-такі прыслухаўся да гутаркі стаяўшых унізе асоб, якіх ён не мог адрозніць. Калі Тэнард’е пачуў, што гэтыя людзі гаварылі на зладзейскай мове, у галаве Тэнард’е мільганула няясная надзея на выратаванне.