Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/382

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

лінію, якая то спускалася да казармы пажарных, то падымалася да даха лазняў, то пераразалася будынкамі, то загіналася вострымі рагамі; пры тым-жа і часавыя павінны былі-б заўважыць цёмны сілуэт бегляка, калі ён прапаўзаў каля іх на версе сцяны. Наогул шлях, па якому ўцёк з турмы Тэнард’е, астаецца амаль неразгаданай загадкай. І тым і другім з мяркуемых спосабаў уцёкі здаваліся немагчымі. Напэўна, Тэнард’е, натхнёны сілаю той палкай прагнасці да волі, якая ператварае прорвы ў простыя ірвы, жалезныя краты ў трысцёвыя пляцёнкі, калеку ў атлёта, падагрыка ў птушку, тупасць у інстынкт, інстынкт у розум, а розум у геніяльнасць, — напэўна, кажам мы, Тэнард’е прыдумаў нейкі трэці спосаб, які нікому іншаму не прыходзіў на думку. Магчыма, але гэта асталося яго таямніцай.

Звычайнаму чалавеку не заўсёды магчыма ўявіць сабе ўсе цуды ўцёкаў. Але бягляк, паўтараем, знаходзіцца пад дзеяннем натхнення. Мазгі чалавека, які ўцякае ў цемры з турмы, асветлены ўсімі нябеснымі свяціламі і ўсімі маланкамі навальніцы. Імкненне да волі таксама ўзбуджае творчы дух, як імкненне да выражэння вялікага, укладзенага ў душу паэта. Як кажуць аб бегляку: „Няўжо ён мог пералезці цераз гэты дах?“, таксама-ж кажуць і пра Карнеля[1]: „Дзе ён узяў словы: „няхай ён памрэ!“

Як-бы там не было, але Тэнард’е, увесь спацелы, наскрозь прамоклы ад дажджу, у разадранай на шматкі вопратцы, з абдзёртымі рукамі, з локцямі і каленьмі ў крыві, сяк-так дабраўся да верхняга края сцяны пусткі і расцягнуўся там зусім знясілены. Цяпер яго аддзяляла ад зямлі толькі стромкая круча вышынёй з трохпавярховы дом: вяроўка, якую ён меў пры сабе, была вельмі кароткая для такога спускання.

Лежачы на версе гэтай кручы, бледны, знясілены, і знаходзячыся пакуль яшчэ пад пакрыццём ночы, ён у роспачы гаварыў сабе, што хутка пачне світаць, а ён не можа зварухнуцца з месца. Ён застываў ад жаху пры думцы, што праз якія-небудзь некалькі хвілін на суседняй званіцы царквы Сен-Поль праб’е чатыры гадзіны, і новы часавы, які з’явіцца на змену, знойдзе свайго папярэдніка соннага пад прабітай столлю Бель-Эра. У здрантвенні глядзеў ён пры святле ліхтароў на мокры і цёмны ад дажджу брук, які рассцілаўся пад ім на страшэннай глыбіні і быў для яго жаданы і разам з тым выклікаў у яго жах, прадстаўляючы, з аднаго боку, волю, а з другога — смерць.

  1. Карнель (П’ер, 1606 – 1684) — выдатны французскі драматург, празваны „бацькам французскай трагедыі“.