Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/318

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

ліўся да вуха жонкі і штосьці прашаптаў ёй. Потым выпрастаўся і дадаў:

— Гэта яна!

— Немагчыма! — ускрыкнула жонка з выразам раптоўнага гневу, злосці і абурэння. Яна зрабілася агідная і здавалася нейкім страшыдлам.

— Як! — зноў ускрыкнула яна. — Мае дочкі ходзяць абшарпаныя і босыя, а яна фарсіць у аксамітным капелюшы і футры, як сапраўдная дама! Не, ты памыляешся. І потым тая-ж была агідная, а гэтая даволі прыгожая. Не можа быць, каб гэта была яна!

— Кажу табе, што гэта так! Вось пабачыш! А яшчэ ці хочаш ведаць што-небудзь?

— Што такое?

— Маё багацце забяспечана, — сказаў ён коратка і ціха.

І паколькі жонка глядзела на яго, як на вар'ята, то ён казаў далей:

— Даволі з мяне галечы, голаду і холаду! Хачу жыць ва ўсёй раскошы, нічога не рабіць і зрабіцца мільянерам, як і іншыя.

— Што ты хочаш гэтым сказаць? — запытала яна.

— Што хачу сказаць? А вось слухай!

— Кажы цішэй, гэтага ніхто не павінен чуць.

— Ды ніхто і не пачуе. Гэты дурань, наш сусед, пайшоў кудысьці, я сам яго спаткаў. Ды хіба ён разумее што-небудзь?

Тым не менш ён інстынктыўна прыцішыў голас, але настолькі, што Марыус чуў абсалютна ўсё.

— Слухай добра, — пачаў Жандрэт. — Наш багач папаўся! Усё ўжо ўладжана. Я пабачыўся з тым-сім. Яны прыдуць у шэсць гадзін. Ён таксама з'явіцца ў шэсць гадзін. У гэтую пару сусед ідзе абедаць. У доме нікога не будзе. Сусед не вернецца раней за адзінаццаць, дзяўчынкі будуць стаяць напагатове. Ты нам дапаможаш. Ён і здасца.

— А калі не? — запытала яна.

— Тады мы зробім па-свойму.

І ён рассмяяўся. Марыус здрыгануўся ад гэтага смеху.

— Цяпер я пайду, — праказаў зноў Жандрэт, — але хутка вярнуся з добрымі людзьмі, і ўбачыш, якую цікавую зробім мы штуку. Шчасце, што ён не пазнаў мяне. Гэта выратавала мяне мая барада.

Ён зноў рассмяяўся, насунуў на вочы шапку і вышаў. Праз хвіліну ён усадзіў галаву ў дзверы і сказаў жонцы:

— Ледзь не забыў! Падрыхтуй жароўню з вугаллем!

Потым зачыніў дзверы, і Марыус пачуў яго крокі, якія аддаляліся па калідоры.