Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/235

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

выпадку, калі на гэта не згодзяцца, то ён, Фашлеван, вымушаны будзе пакінуць службу, бо адчувае сябе зусім разбітым і няздольным да працы. У яго брата ёсць маленькая ўнучка, якая-б магла выхоўвацца тут і пасля, магчыма, пастрыгчыся ў манашкі.

Калі ён скончыў, ігумення запытала ў яго:

— Ці можаце вы дастаць к сёнешнему вечару жалезны шост?

— Навошта гэта?

— Каб скарыстаць яго як рычаг.

— Магу, прыпадобная маці, — адказваў Фашлеван.

Манашка моўчкі ўстала з крэсла і прайшла ў суседні пакой, дзе было пасяджэнне капітула. Фашлеван астаўся адзін.

Праз чвэрць гадзіны яна зноў увайшла і села на ранейшае месца.

— Ці вы добра ведаеце капелу? — запытала яна.

— А як-жа, — адказваў садоўнік, у мяне там ёсць клятушка, дзе я слухаю абедню.

— Ці даводзілася вам быць на кліросе?

— Разы два ці тры.

— Там трэба будзе падняць адну пліту ля алтара.

— Пліту, што зачыняе склеп?

— Так.

— Для гэтага спатрэбіцца па крайняй меры двое мужчын.

— Вам дапамогуць сёстры.

— Жанчыны не тое, што мужчына.

— У нас нікога іншага няма, кожны робіць, што можа.

— Вось мой брат — іншая справа.

— Да таго-ж, у вас будзе рычаг. У пліце ўвінчана кальцо, а камень умайстраваны так, што лёгка паварочваецца на восі.

— Слухаю, прыпадобная маці. Я адчыню склеп. А потым што?

— Яго трэба будзе зачыніць. Але спачатку…

— Што, прыпадобная маці?

— Туды трэба будзе апусціць нешта.

Запанавала маўчанне. Манашка ціха варушыла губамі, чытаючы малітву. Потым сказала:

— Бацька Фаван, памерла адна з нашых. Яна сканала на світанні. Гэта маці Крусіфіксіён. Праведніца. Яе перанеслі ў нябожчыцкую ля царквы. Пры жыцці маці Крусіфіксіён абарачвала ў ісціную веру. Абшчына была благаславеннай у асобе маці Крусіфіксіён. Да апошняй хвіліны яна была пры памяці, гутарыла і благаславіла нас і ўсю