Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/236

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

абіцель. Волю паміраючых трэба свята выконваць, бацька Фаван.

Фашлеван маўчаў.

— Яна спала ў сваёй труне на працягу дваццаці год, з дазволу свяцейшага бацькі нашага папы Пія VІІ. Трэба, каб яна была пахавана ў гэтай самай труне.

— Гэта праўда. І я павінен буду забіць цвікамі гэтую труну?

— Так.

— А як-жа з тою, што дастаўлена з канторы?

— Пакіньце яе. Чатыры сястры дапамогуць вам.

— Каб забіць труну, мне не трэба дапамогі.

— Яе трэба будзе апусціць у склеп.

— У які склеп?

— Пад прастолам.

— Але як-жа... — пачаў Фашлеван, падскочыўшы.

— Вы падымеце пліту з дапамогай кальца.

— Але-ж...

— Трэба свята выконваць волю нябожчыкаў. Быць пахаванай там-жа, дзе жыла, дзе малілася, было свяшчэннейшае жаданне нябожчыцы. Яна нас прасіла аб гэтым — значыць, загадала!

— Але-ж гэта забаронена.

— Забаронена людзьмі, загадана богам. Мы вам давяраем. Дык вырашана, бацька Фаван?

— Вырашана, прыпадобная маці.

— Вы заб'еце труну. Яе занясуць у капліцу, адслужаць заўпакойную абедню. Потым усе разыйдуцца. Каля адзінаццаці гадзін ночы вы прыдзеце з сваім ломам. Усё зробіцца ў вялікай таямніцы. У капеле будуць толькі чатыры сястры і вы. Трэба, каб усё было скончана па крайняй меры за чвэрць гадзіны да завутрані.

— Я пастараюся зрабіць усё, што магу. Усё зробіцца так, што ніхто ні аб чым не здагадаецца. Дык усё ўладжана, прыпадобная маці.

— Не, яшчэ не ўсё.

— Што-ж яшчэ?

— Астаецца пустая труна. Што з ёю рабіць?

— Яе пахаваюць.

— Пустую?

Запанавала маўчанне. Фашлеван задумаўся.

— Прыпадобная маці, скажыце, ці я буду адзін пры забіванні труны і ніхто апрача мяне не пакладзе на яго пакрывала?

— Ніхто. Але калі факельшчыкі будуць ставіць яе на дрогі, то адчуюць, што ў ім нічога няма.