Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/224

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Ах, божа мой! — ускрыкнуў ён і потым праказаў ціха: — Казета!

Яна не расплюшчвала вачэй. Ён злёгку патармашыў яе. Яна не прачыналася.

— Няўжо яна памрэ? — сказаў ён і задрыжэў усім целам.

Самыя жахлівыя думкі віхрам пранесліся ў яго галаве. Бываюць хвіліны, калі самыя недапушчальныя ўяўленні ўрываюцца ў нашы мазгі. Калі справа ідзе аб тых, каго мы любім, у галаву нам прыходзяць страшэнныя глупствы. Ён успомніў, што сон на халодным паветры можа быць смяртэльны.

Казета, бледная, ляжала нерухома, выцягнуўшыся ля яго ног. Ён прыслухаўся да яе дыхання. Яно здалося яму слабым, ледзь чутным.

Як сагрэць яе? Як разбудзіць яе? Усё, што не датычыла гэтых пытанняў, знікла з яго галавы. Ён, як звар‘яцелы, кінуўся вон з руіны.

Неабходна праз чвэрць гадзіны пакласці Казету ў цёплую і зручную пасцель.

Ён проста падышоў да невядомага чалавека і, выняўшы з кішэні жменю серабра, трымаў яе напагатове.

Чалавек стаяў, схіліўшы галаву, і таму не бачыў яго. Праз хвіліну Жан Вальжан быў каля яго і закрычаў:

— Сто франкаў!

Чалавек падскочыў ад нечаканасці і ўзняў галаву.

— Вы атрымаеце сто франкаў, — паўтарыў Жан Вальжан, — калі дасцё мне прытулак на гэтую ноч.

Месяц ярка асвятляў узрушаны твар таго, хто гэта казаў.

— Вой, гэта-ж вы, бацька Мадлен! — ускрыкнуў стары.

Гэтае імя, вымаўленае ў гэты момант, у гэтым незнаёмым месцы, гэтым незнаёмым чалавекам, прымусіла Жана Вальжана адхіснуцца.

Ён чакаў усяго, апрача гэтага. Перад ім стаяў стары, кульгавы і згорблены, апрануты, як селянін; на левым калене у яго прывязаны быў рамень з прымацаваным даволі вялікага размеру званочкам. Твара нельга было адрозніць, таму што ён быў у цёню.

Між тым, стары зняў сваю шапку і, увесь дрыжучы, ускрыкнуў:

— Ах, божа мой! Як апынуліся вы тут, бацька Мадлен? Адкуль вы ўвайшлі? Вы зваліліся, відаць, з неба. І ў гэтым-бы нічога не было дзіўнага, таму што вы адтуль толькі і маглі-б упасці. І ў якім вы выглядзе! Без гальштука, без капелюша, без сурдута. Ведаеце, вы маглі-б напалохаць кожнага, хто ўбачыў-бы вас у першы раз. Без