Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/223

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

XLIV

ЧАЛАВЕК СА ЗВАНОЧКАМ

Дзіця паклала галаву на камень і заснула.

Жан Вальжан сеў побач і пачаў глядзець на Казету. Мала-па-малу ён аўладаў сабою.

Ён ясна зразумеў у гэтую хвіліну, што ўсё жыццё яго ад гэтага часу належыць гэтай дзяўчынцы, што да тых пор, пакуль яна з ім і каля яго, яму для сябе асабіста нічога не патрэбна; страх, перажываемы ім, — гэта толькі страх за яе. Ён не адчуваў нават, што празяб, бо зняў сурдут, каб накрыць Казету.

Між тым, сярод размышленняў, у якія ён быў пагружаны, ужо некалькі хвілін даносіўся да яго нейкі дзіўны гук. Гэта быў нібы звон бубенчыка. Гук ішоў з саду. Ён чутны быў зусім выразна, хоць і слаба, і нагадваў бразганне тых званочкаў, якія прывязваюць на шыю каровам у полі.

Гук гэты прымусіў Жана Вальжана абярнуцца. Ён убачыў, што ў садзе хтосьці ёсць. Нейкі чалавек расхаджваў паміж град з дынямі, то нахіляючыся, то выпростваючыся праз правільныя прамежкі часу, нібы цягнуў штосьці па зямлі ці прыслухоўваўся. Чалавек, напэўна, кульгаў.

Жан Вальжан здрыгануўся. Усё здавалася яму страшным і падазроным. За хвіліну да гэтага ён дрыжэў ад жаху, што сад — сапраўдная пустыня; цяпер-жа ён трапятаў, убачыўшы, што тут хтосьці ёсць.

Ён перайшоў ад уяўнага страху да страху сапраўднага. Ён гаварыў сабе, што, магчыма, Жавер і яго сышчыкі не зусім пайшлі, што яны, напэўна, пакінулі часавых у завулку і чалавек гэты, як знойдзе яго ў садзе, закрычыць каравул і такім чынам выдасць яго. Ён асцярожна ўзяў Казету на рукі і перанёс яе за кучу наваленага ламачча ў самы далёкі кут хлева. Казета не варушылася.

Адсюль ён пачаў сачыць за чалавекам, што хадзіў па гародзе. Самае дзіўнае было тое, што бубенчык бразгаў пры малейшым руху гэтага чалавека. Калі чалавек падыходзіў бліжэй, гук рабіўся больш выразны, і наадварот. Відавочна, званочак быў прывязаны да гэтага чалавека. У такім выпадку, што гэта азначае? Што гэта за чалавек, якому прывязалі званочак, як карове ці барану?

Задаючы сабе гэтыя пытанні, Жан Вальжан дакрануўся да рукі Казеты. Яна была халодная, як лёд.