Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/206

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

жана — дзе яна, ці вялікі Парыж, ці далёка гэта ад Тэнард‘е, ці не прыдзе гаспадыня і т. д. Раптам яна сказала:

— Як тут добра!

Тут было агідна, але яна адчувала сябе вольнай.

— Можа падмесці? — запытала яна, нарэшце.

— Гуляй! — адказваў Жан Вальжан.

Так прайшоў дзень. Казета, не стараючыся нічога вытлумачыць сабе, была бязмежна шчаслівая паміж гэтай лялькай і гэтым старым.

На другі дзень на світанні Жан Вальжан зноў стаяў ля пасцелі Казеты. Ён нерухома чакаў яе абуджэння. Штосьці новае закралася ў яго душу.

Жан Вальжан ніколі нікога не любіў. Ужо дваццаць пяць год, як ён быў зусім адзінокі на свеце. Ніколі не быў ён ні бацькам, ні мужам, ні другам. У катарзе ён быў нелюдзімы, пануры, дзіклівы і невук. Сэрца гэтага старога катаржніка было поўна нявіннасці. Сястра яго і яе дзеці пакінулі ў ім няясны ўспамін, які мала-па-малу знік амаль зусім. Ён зрабіў усё магчымае, каб знайсці іх, але, паколькі гэта не ўдалося, забыў пра іх. Такая чалавечая прырода. Іншыя пяшчотныя ўражанні маладосці, калі яны і былі ў яго, зніклі, як у прадонні.

Калі ён убачыў Казету, калі ён узяў яе, панёс і вызваліў, ён адчуў, што ўнутры ў яго нібы штосьці перавярнулася. Усё, што было ў ім любячага і пяшчотнага, адразу прачнулася і накіравалася на гэтае дзіця. Ён падыходзіў да пасцелі, дзе яна спала, і ўвесь дрыжэў ад шчасця: ён перажываў пачуцці маці, але не разумеў гэтага. Рух сэрца, якое абудзілася да любові, дае нейкае няяснае і радаснае адчуванне.

Беднае, старое сэрца, раптоўна абноўленае!

Яму было пяцьдзесят пяць год, Казеце — восем. І любоў, што накапілася ў ім за ўсё жыццё, расплылася ў цудоўнейшае ззянне. То было другое светлае відзенне ў яго жыцці. Епіскап адкрыў яму на яго гарызонце зару добрадзейнасці, Казета адкрыла зару любові.

Першыя дні прайшлі ў гэтым ачараванні.

З свайго боку, Казета, беднае, маленькае стварэнне, таксама перарадзілася. Яна была такая малая, калі разлучылася з сваёй маці, што зусім не памятала яе. Як і ўсе дзеці, падобна да маладых вінаградных парасткаў, чапляюцца за што папала, яна спрабавала любіць, але няўдала. Усе адштурхнулі яе: Тэнард‘е, іх дзеці і чужыя. Яна любіла сабачку, які здох, і пасля гэтага ніхто і ведаць не хацеў яе. Страшэнная рэч: у восем год сэрца яе было халоднае, як лёд. Гэта была не яе віна, не ад недастачы любові ў ёй, але —