Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/207

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

увы! — не было магчымасці любіць. І вось цяпер яна з першага-ж дня ўсімі думкамі, усімі пачуццямі прывязалася да гэтага старога. Яна адчувала няведамае пачуццё, нібы яна расцвітала.

Стары не здаваўся ёй ні старым, ні бедным. Яна знаходзіла яго чароўным, як і чардак цудоўным.

Прырода — пяцьдзесят год розніцы ва ўзросце — праклала глыбокую прорву паміж Жанам Вальжанам і Казетай. Прорву гэтую згладзіў лёс. Ён у сваёй несакрушальнай магутнасці раптоўна злучыў гэтыя два адзінокія жыцці, такія розныя па ўзросту, але блізкія па пакутах. Адно дапаўняла, па сутнасці, другое. Iнстынкт Казеты шукаў бацькі, як інстынкт Жана Вальжана шукаў дзіцяці. Сустрэцца — азначала для іх знайсці адзін аднаго. Iх душы адразу-ж пазналі адна адну і вельмі зрадніліся паміж сабой.

Жан Вальжан удала выбраў сховішча. Ён быў тут амаль у поўнай бяспецы.

У пакоі, які ён наймаў з Казетай, было адно акно, якое выходзіла на бульвар. Яно было адзінае ва ўсім доме, і не было чаго баяцца няскромных позіркаў суседзяў ні з боку, ні супроць.

Падвальны этаж дома быў чымсьці накшталт разбуранага хлева і не злучаўся праходам з верхнім. Наверсе, як вядома, было некалькі пакояў, з якіх быў заняты толькі адзін. У ім жыла адна старая, якая гатавала страву для Жана Вальжана. Усе астатнія пакоі былі пустыя.

У гэтай вось старой, якая называлася галоўнай жыхаркай і выконвала абавязкі дворнічыхі, Жан Вальжан і наняў пакой напярэдадні каляд. Ён выдаў сябе за капіталіста, які разарыўся, і сказаў, што паселіцца тут са сваёй маленькаю дачкою. Ён заплаціў за поўгода наперад і даручыў старой дастаць неабходную мэблю. Яна-ж запаліла печ і ўсё падрыхтавала ў пакоі ў той вечар, калі яны прышлі ў дом.

Міналі тыдні. Стары і дзіця былі бясконца шчаслівыя.

З самага ранку Казета смяялася, шчабятала, спявала. У дзяцей ёсць свае ранішнія песні, як і ў птушак.

Часам здаралася, што Жан Вальжан браў яе маленькую чырвоненькую ручку, пакрытую трэшчынамі ад холаду, і цалаваў. Беднае дзіця, якое прывыкла толькі да пабояў, не разумела, што ён хоча гэтым сказаць, і адыходзіла ў замяшанні.

Часам яна рабілася сур‘ёзнай і пачынала моўчкі аглядаць сваю чорную сукеначку. Казета не была больш у лахманах, яна насіла жалобу. Яна вышла з галечы і ўступала ў жыццё. Жан Вальжан пачаў вучыць яе чытаць. Часам, прымушаючы дзяўчынку цвярдзіць склады, ён думаў пра тое, што