Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/188

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

гаварыць, каб не заплакаць. Ён сцвярджальна кіўнуў Казеце галавою і ўсунуў руку „дамы“ ў яе маленькую ручку.

Казета шпарка адхапіла руку, нібы апяклася, і ўтаропілася вачыма ў зямлю. Мы павінны дадаць, што ў гэтую хвіліну яна страшэнна высунула язык. Раптам яна хутка павярнулася да лялькі і мігам схапіла яе.

— Я назаву яе Кацярынай, — сказала яна.

То была дзіўная хвіліна, калі лахманы Казеты дакрануліся і абнялі свежыя істужкі і кісейную ружовую сукенку лялькі.

— Сударыня, — запытала яна, — ці можна мне пасадзіць яе на крэсла?

— Вядома, дзіця маё, — адказала Тэнард‘е.

Цяпер Эпаніна і Азельма з зайздрасцю глядзелі на Казету.

Казета пасадзіла Кацярыну на крэсла, сама-ж села перад ёю на падлогу і пачала бязгучна глядзець на яе ў нямым сузіранні.

— Гуляй-жа, Казета! — сказаў незнаёмы.

— О, я гуляю! — адказала дзяўчынка.

Гэтага незнаёмага, які для Казеты быў нейкім лёсам, пані Тэнард‘е ненавідзела цяпер больш за ўсё. Між тым, прыходзілася стрымлівацца. Гэта было хваляванне, якое яна ледзь магла адалець, хоць і прывыкла да скрытнасці, ідучы ва ўсім за сваім мужам. Яна паспяшалася адправіць сваіх дачок спаць, потым папрасіла ў гасця дазволу пакласці і Казету, „якая, — дадала яна мацярынскім тонам, — вельмі змарылася за гэты дзень“. Казета пайшла спаць, панёсшы ў сваіх абдымках Кацярыну.

Час ад часу жонка падыходзіла да мужа, „каб даць палёгку душы“, як яна казала. Яна абменьвалася з ім некалькімі словамі тым больш яраснымі, што не адважвалася вымавіць іх уголас.

— Стары дурань! Які чорт сядзіць у ім? Навошта ён прышоў перашкаджаць нам? Жадаць, каб гэтае маленькае страшыдла забаўлялася! Дарыць ёй ляльку! Ляльку за сорак франкаў шчанюку, якога я з радасцю аддала-б за сорак су! Яшчэ крыху, і ён пачне абыходзіцца з ёю, як з герцагіняй! Ці ёсць ва ўсім гэтым сэнс? Ён зусім звар'яцеў, гэты стары чараўнік!

— Чаму-ж? Гэта ўсё вельмі проста, — адказаў Тэнард‘е. — Яго гэта пацяшае. Табе падабаецца, каб дзяўчынка працавала, а яму, каб яна гуляла. Ён мае на гэта права. Падарожнік, раз ён за ўсё плаціць, можа рабіць усё, што яму