Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/189

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

хочацца. Што табе да гэтага? Можа ён філантроп[1]; калі-ж гэта проста дурань, то гэта зноў-такі цябе не датычыць. Навошта ты ўмешваешся, калі ў яго ёсць грошы?

Незнаёмы ўзлакаціўся на стол і зноў упаў у ранейшую задуменнасць. Астатнія наведвальнікі пакрыху сціхлі і больш не спявалі. Яны здалёк глядзелі на яго з нейкаю баязлівай пачцівасцю. Гэты чалавек, так бедна апрануты, і які так лёгка вымае з кішэні грошы, і так шчодра даруе дарагую ляльку маленькай абадранай замарашцы, напэўна, вядома, вельмі багаты і недаступны.

Прайшло некалькі гадзін. Калядны пір скончыўся, піўшыя разышліся, шынок заперлі, нізкі пакой апусцеў, агні пагаслі, а незнаёмы ўсё сядзеў на ранейшым месцы і ў той-жа позе. Час ад часу ён змяняў руку, на якую абапіраўся. Вось і ўсё. Але з таго часу, як Казета пайшла, ён не праказаў ні слова.

Адны толькі Тэнард‘е з пачцівасці і дзеля цікаўнасці аставаліся ў пакоі.

— Няўжо-ж ён усю ноч так прасядзіць? — бурчэла, яна.

Калі прабіла дзве гадзіны ночы, яна прызнала сябе пераможанай і сказала мужу:

— Я іду спаць. Рабі з ім, што хочаш.

Муж сеў ля стала, запаліў свечку і пачаў чытаць газету. Так прайшло з гадзіну. Варты шынкар паспеў ужо разы тры прачытаць увесь нумар ад загалоўка да подпісу рэдактара. Госць усё не рухаўся з месца.

Тэнард‘е пачаў вазіцца, кашляць, пляваць, смаркацца, рыпець крэслам. Той усё не варушыўся.

„Ці не спіць ён?“ — падумаў Тэнард‘е.

Ён не спаў, але нішто не магло яго разбудзіць.

Нарэшце Тэнард‘е зняў свой калпак, ціха наблізіўся і адважыўся сказаць:

— Хіба вы, судар, не жадаеце адпачыць?

— Сапраўды, ваша праўда, — адказаў незнаёмы. — Дзе-ж ваша стайня?

— О, судар, — запярэчыў Тэнард‘е, усміхнуўшыся, — я вас праводжу.

Ён узяў свечку, госць захапіў свой кій і клунак, і Тэнард‘е прывёў яго ў пакой з пышным абсталяваннем, увесь застаўлены мэбляю з чырвонага дрэва, з вялікім ложкам, з чырвонымі каленкоравымі фіранкамі.

— Што гэта такое? — запытаў падарожны.

  1. Філантроп — добрадзей, або, літаральна, чалавекалюбец; процілеглае паняцце — мізантроп, або чалавеканенавіснік.