Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/186

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Казета ўзняла вочы; яна бачыла, як чалавек гэты з лялькай у руках падышоў да яе. Яна глядзела на яго, як на сонца, яна чула гэтыя невераемныя словы: „Гэта табе“. Яна перавяла вочы з яго на ляльку, потым паціху адсунулася да сценкі і схавалася ў самы далёкі кут.

Яна больш не плакала, не крычала. Здавалася, яна не адважвалася дыхаць.

Маці-Тэнард‘е, Эпаніна і Азельма скамянелі, як статуі. Нават піўшыя спыніліся. У шынку запанавала ўрачыстая цішыня.

Тэнард‘е-жонка, здзіўленая і бязгучная, зноў пачала рабіць меркаванні: „Што гэта за стары? Хто ён: жабрак ці мільянер? Можа быць, і тое і другое, гэта значыць злодзей?“

Твар мужа таксама зрабіўся асаблівы. Ён па чарзе глядзеў то на ляльку, то на гасця і, здавалася, абнюхваў яго, як мяшок з грашыма. Але гэта цягнулася не больш аднаго імгнення. Ён падышоў да жонкі і ціха сказаў:

— Гэтая штука каштуе не меней як трыццаць франкаў. Не дурыць! Поўзай перад гэтым чалавекам!

— Што-ж, Казета, — сказала шынкарка голасам, які яна хацела зрабіць ласкавым і ў якім усё-такі гучала злосць, — чаму ты не бярэш сваёй лялькі?

Казета адважылася выйсці з свайго катуха.

— Мілая Казетачка, — пачаў Тэнард‘е ласкавым тонам, — пан дорыць табе ляльку. Вазьмі яе, яна твая.

Казета глядзела на цудоўную ляльку з нейкім жахам. Твар яе яшчэ быў мокры ад слёз, але ў вачах, як перад золакам у змрочным небе, праглядвалі праменні шчасця. Пачуццё, перажываемае ёю ў гэтую хвіліну, было падобна да таго, як калі-б ёй раптам сказалі: „Казета, ты каралева Францыі“.

Ей здавалася, што калі яна дакранецца да лялькі, то яе заб'е гром. Гэта мела некаторую падставу: яна гаварыла сабе, што гаспадыня пачне лаяць і біць яе.

Але спакуса перамагла. Яна, нарэшце, падышла да лялькі і баязліва праказала, звяртаючыся да гаспадыні:

— Можна, сударыня?

Нельга апісаць словамі роспачы і разам з тым страху і радасці, якія выражаліся ў гэтым пытанні.

— Вядома, — ускрыкнула Тэнард‘е, — яна твая! Пан падарыў яе табе.

— Ці праўда, судар? — запытала Казета. — Гэта мне, гэтая дама?

Вочы незнаёмага, здавалася, напоўнены былі слязмі. Хваляванне яго дайшло да такой ступені, калі баішся