Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/185

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Мама, — сказала дзяўчынка, — паглядзі!

І яна паказала пальцам на Казету. Казета-ж у захапленні нічога не бачыла і не чула.

Твар маці набыў асаблівы гнеўны выраз.

На гэты раз абражаная гордасць узмацніла гнеў.

Казета пераступіла ўсялякія межы: яна адважылася дакрануцца да лялькі паненак!

Царыца не магла-б быць больш абражана.

Яна закрычала хрыплым ад злосці голасам:

— Казета!

Казета ўздрыганулася, нібы зямля захісталася пад ёю. Яна абярнулася.

— Казета! — паўтарыла Тэнард‘е.

Казета ўзяла ляльку і ціха паклала яе на падлогу з пачуццём нейкай пачцівасці, змешанай з роспаччу. Не адрываючы ад яе вачэй, яна склала рукі і, што страшна было бачыць у дзіцяці яе ўзросту, заламала іх; потым з вачэй яе паліліся слёзы, якіх не магло выклікаць ніводнае з перажытых на працягу дня мучэнняў: ні блуканне па лесе, ні цяжар вядра, ні від бізуна, ні нават панурыя словы гаспадыні. Яна зарыдала.

Прахожы пры гэтым устаў.

— У чым справа? — запытаў ён у Тэнард‘е.

— Хіба вы не бачыце? — здказала яна, паказваючы на афяру злачынства, распасцёртую ля ног Казеты.

— Ну, дык што-ж? — запярэчыў ён.

— Гэтая нягодніца адважылася ўзяць ляльку дзяцей!

— І з-за гэтага такі шум! — сказаў ён. — Што-ж, калі-б яна і пагуляла з гэтай лялькай?

— Яна дакранулася да яе сваімі бруднымі рукамі, — казала далей Тэнард‘е, — сваімі жахлівымі рукамі!

Тут Казета пачала плакаць яшчэ мацней.

— Ці сціхнеш ты? — ускрыкнула ўзлаваная шынкарка.

Незнаёмы накіраваўся да выхадных дзвярэй і вышаў на вуліцу.

Тэнард‘е скарыстала яго адсутнасць і штурхнула Казету пад сталом нагой так балюча, што тая закрычала на ўсю сілу.

Дзверы зноў адчыніліся; незнаёмы вярнуўся, несучы абодвума рукамі тую дзівосную ляльку, пра якую гаварылі з самай раніцы ўсе дзеці вёскі, і паставіў яе перад Казетай, сказаўшы:

— Вазьмі, гэта табе.

Трэба думаць, што на працягу гадзіны, праведзенай у размышленні, ён смутна заўважыў гэтую ярка асветленую краму, агні якой відаць былі нават праз вокны шынка.