Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/178

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— Гэта правільна, — дадаў муж з выглядам ласкавай пакоры, — трымаць такі народ — значыць сароміць толькі дом.

Прахожы, між тым, паклаў на лаўку свой кій і клунак, сеў за адзін з сталоў, на які Казета паспяшалася паставіць бутэльку гарэлкі і шклянку. Сама-ж села на сваё месца пад кухонным сталом і зноў узялася за вязанне панчох.

Незнаёмы ледзь абмакнуў губы ў шклянцы віна, якое ён сабе наліў, і ўзіраўся ў дзяўчынку з асаблівай увагай.

Казета была непрыгожая. Калі-б яна не жыла ў нястачы, то, магчыма, была-б прыгожанькая. Мы ўжо апісвалі гэтую маленькую, засмучоную фігурку. Яна была худая і бледная, ёй было амаль ужо восем год, але на выгляд ёй ледзь можна было даць шэсць. Вялікія вочы, акружаныя цмянай ценню, амаль патухлі ад частых слёз. Куткі губ былі сумна апушчаны, як гэта заўважаецца ў асуджаных і безнадзейна хворых. Рукі яе былі патрэсканыя ад холаду.

Полымя, якое асвятляла Казету ў гэтую хвіліну, асабліва рэзка вырысоўвала вуглаватасць касцей і рабіла яе худзізну асабліва страшнай. Паколькі яна вечна дрыжэла ад холаду, у яе выпрацавалася прывычка прыціскаць каленкі адно да аднаго. Усё яе адзенне складалася з лахманоў, якія ўзбуджалі жаль летам і наводзілі жах зімой. На ёй усё было дзіравае, парцяное і ні ласкутка шарсцянога. Праз дзіркі відаць было голае цела, пакрытае сінякамі, слядамі дотыку гаспадарскай рукі. Яе голыя ногі былі чырвоныя і худыя. Запалыя грудзі жалкія да слёз. Увесь выгляд гэтага дзіцяці, яго твар, паходка, манера трымацца, гук голаса, адрывістая гутарка, яго позірк, яго маўчанне, малейшы жэст выражалі і гаварылі толькі пра адно пачуццё — пра страх.

Страх вечна вісеў над ёю; яна была ім атулена, так сказаць; страх прымушаў яе прыціскаць локці, падгінаць ногі, займаць як мага менш месца і зрабіўся яе прывычкай. У глыбіні яе вачэй быў куток, у якім гняздзіўся жах.

Жах гэты быў такі вялікі, што, вярнуўшыся дадому зусім прамоклай, яна не адважылася нават абсушыцца ля агню, а адразу-ж моўчкі села за работу.

Позірк гэтага маленькага дзіцяці звычайна быў такі пануры і парою дзікі, што часам здавалася, нібы яна зусім ідыётка ці звар‘яцелая.

Чалавек у пацёртым сурдуце не зводзіў вачэй з Казеты. Раптам шынкарка ўскрыкнула:

— Ага, а дзе-ж хлеб?

Казета, як і звычайна пры кожным гучным выкрыку гаспадыні, вылезла з-пад стала.