Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/179

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Яна зусім забыла пра хлеб. Яна паспрабавала выкруціцца так, як усе дзеці гэта робяць: яна зманіла.

— Сударыня, булачная была ўжо зачынена.

— Трэба было пастукацца.

— Я стукалася, але мне не адчынілі.

— Заўтра даведаюся, ці праўду ты кажаш, — адказвала Тэнард‘е, — і калі ты маніш, то атрымаеш на арэхі. А пакуль давай-ка сюды пятнаццаць су.

Казета ўсунула руку ў кішэньку фартуха і пазелянела ад жаху: грошай там не было.

— Ну, што-ж, ці ты не чуеш? — крыкнула гаспадыня.

Казета вывернула кішэню — там нічога не было. Што магло стацца з манетай? Бедная малютка не магла праказаць ні слова. Яна стаяла, як статуя.

— Няўжо ты магла згубіць грошы, пятнаццаць су? — зараўла Тэнард‘е. — Ці ты хочаш украсці іх у мяне?

І ў той-жа час яна працягнула руку і зняла са сцяны бізун. Гэты страшны рух вярнуў да Казеты сілы закрычаць:

— Сударыня, злітуйцеся, даруйце, я больш не буду!

Між тым, незнаёмы непрыкметна пачаў капацца ў кішэнях сваёй камізэлькі. Астатнія наведвальнікі гулялі ў карты ці пілі і не звярталі на яго ўвагі.

Казета з жахам прыціснулася да рога печы, стараючыся скурчыцца і схаваць свае змучаныя поўголыя часціны цела. Шынкарка замахнулася на яе.

— Выбачайце, сударыня, — сказаў незнаёмы, — вось зараз я ўбачыў, як штосьці выпала з кішэні ў дзяўчынкі. Мабыць, гэта і ёсць.

Ён нагнуўся пад лаўку, нібы шукаючы чагосьці.

— Вось яны, — сказаў ён, выпростваючыся.

І ён падаў шынкарцы манету.

— Так, гэта самае, — адказвала яна.

Гэта не было тое самае, таму што манета была ў дваццаць су, але шынкарка атрымала барыш. І яна паклала грошы ў кішэню і абмежавалася толькі тым, што кінула на дзяўчынку злосны позірк, сказаўшы:

— Каб гэтага больш з табой ніколі не здаралася, чуеш?

Казета пайшла ў свой „катух“, як называла гэтае месца пані Тэнард‘е, і позірк яе, накіраваны на невядомага падарожніка, набыў небывалы выраз. Ён выражаў яшчэ толькі адно наіўнае здзіўленне, але ў ім прасвечвалася ўжо нейкае незразумелае давер‘е.

— Дарэчы, ці не хочаце павячэраць? — запытала шынкарка ў незнаёмага.

Ён не адказваў. Здавалася, што ён глыбока задумаўся.

— Што гэта за чалавек? — прамармытала яна праз зубы.—