Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/168

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Азельма цэлыя гадзіны любаваліся лялькай, і нават Казета, праўда ўкрадкам, адважылася зірнуць на яе.

У тую хвіліну, калі яна вышла з дому з пустым вядром у руцэ, такая засмучаная і прыгнечаная, яна тым не менш не магла ўстаяць супроць спакусы паглядзець яшчэ на гэтую цудоўную „даму“, як яна называла ляльку. Беднае дзіця нібы прыбілі да месца. Яна яшчэ ніколі не бачыла ляльку зблізку. Уся крама здавалася ёй палацам. Лялька была не лялька, а нейкая здань. То была радасць, цуд, раскоша, шчасце, якое з‘явілася ў якімсьці дзівосным спалучэнні ў вачах гэтай маленькай няшчаснай істоты, што так глыбока пагразла ў панурай і халоднай галечы. Казета з сумнаю і наіўнаю пранікальнасцю, уласціваю дзяцінству, вымярала прадонне, якое аддзяляла яе ад гэтай лялькі. Яна гаварыла сабе, што трэба быць каралевай або па крайняй меры прынцэсай, каб уладаць чым-небудзь падобным. Яна глядзела на гэтую дзіўную ружовую сукенку, на цудоўныя зачасаныя валасы і думала: „Якая павінна быць шчаслівая гэта лялька!“ Вочы дзяўчынкі не маглі адарвацца ад гэтай чароўнай крамы. Чым больш яна глядзела, тым больш захаплялася і здзіўлялася. Ёй здавалася, што яна бачыць перад сабою рай. Іншыя лялькі, што стаялі за гэтай вялікай красуняй, уяўляліся ёй геніямі і феямі.

Гаспадар крамы, ходзячы ўзад і ўперад па сваім магазіне, рабіў на яе ўражанне творца ўсіх гэтых дзіваў.

Аддаўшыся гэтаму сузіранаю, яна забыла ўсё, нават даручэнне, якое ёй было дана.

Раптам грубы голас шынкаркі вярнуў яе да сапраўднасці:

— Як, нягодніца, ці ты яшчэ не пайшла? Пачакай, вось я цябе! Глядзіце, калі ласка, чым яна занята! Ідзі хутчэй, маленькае страшыдла!

Гаспадыня выпадкова зірнула на вуліцу і ўбачыла Казету ля асветленага акна крамы.

Казета кінулася бегчы з сваім вядром з усіх ног, колькі хапала сіл.

Да крыніцы, з якой бралі ваду жыхары з таго канца сяла, дзе жылі Тэнард‘е, было вельмі далёка. Казета ішла наперад, не спыняючыся больш перад вокнамі крам. Пакуль яна ішла па вясковай вуліцы, асветленыя вокны крам кідалі яркае святло на дарогу, але хутка яна мінула апошні барак, і агні зніклі. Беднае дзіця апынулася ў цемры і патанула ў ёй. Адчуваючы, як мала-па-малу яе ахапляе жах, дзяўчынка, як магла гучней, стукала почапкай вядра. Гэта рабіла шум і нібы падбадзёрвала яе.

Чым бліжэй падыходзіла яна да лесу, тым гусцейшая