Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/169

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

рабілася цемра. Прахожых больш не сустракалася. Яна спаткала адну толькі жанчыну, якая, убачыўшы яе, са здзіўленнем спынілася і паглядзела ўслед, вымавіўшы напоўголаса:

— Куды гэта можа ісці дзіця ў такі час?

Але потым, пазнаўшы Казету, дадала:

— А, гэта Жаўранак!

— Такім чынам, Казета прайшла праз лабірынт крывых і пустынных завулкаў, якімі канчаўся Манфермейль з гэтага боку. Пакуль яшчэ цягнуліся дамы і сцены з абодвух бакоў вуліцы, яна ішла даволі смела. Час ад часу праз шчыліны акяніц мільгала святло запаленай свечкі, там былі людзі, а такім чынам і жыццё, і гэта яе супакойвала. Між тым, па меры таго, як яна рухалася наперад, крокі яе несвядома рабіліся драбнейшыя і павальнейшыя. Калі яна мінула апошні дом, то спынілася. Ужо прайсці міма апошняй асветленай крамы было ёй страшна, а ісці далей апошняга дома было і зусім немагчыма. Яна паставіла вядро на зямлю, засунула пальцы ў валасы і пачала паволі пачэсваць галаву — жэст, уласцівы дзецям, якія знаходзяцца ў страху або нерашучасці. Перад ёю быў ужо не Манфермейль, а поле. Чорная і пустынная прастора рассцілалася спераду. У роспачы ўглядалася яна ў гэтую цемру, дзе не было ніводнай жывой душы, дзе былі звяры, а магчыма і здані. Яца глядзела пільна і чула трэск сучча — то страшныя звяры пераходзілі з месца на месца; яна адрознівала шолах галін — то здані пераносіліся з аднаго дрэва на другое. Тады яна схапіла вядро: страх надаў ёй храбрасці.

— Ага! — вымавіла яна. — Скажу, што вады не было.

І яна рашуча павярнула ў Манфермейль.

Але ледзь яна зрабіла сотню крокаў, як зноў спынілася і зноў пачала пачэсваць галаву. Цяпер ёй уяўлялася гаспадыня, гэтая Тэнард‘е, страшэнная, з пашчай гіены, з палаючымі гневам вачыма. Дзяўчынка жаласна паглядзела назад, а потым наперад. Што рабіць? Як рабіць? Куды ісці? Перад ёй здань гаспадыні, за ёю ўсе здані цемры і лесу. І яна адступіла перад Тэнард‘е. Яна павярнула назад да крыніцы і кінулася да яе бягом. Бягом яна вышла з вёскі і бягом пабегла ў лес, не азіраючыся і не прыслухоўваючыся. Яна спынілася толькі, калі ў яе захапіла дыханне; тады яна пайшла цішэй.

Увесь час ёй хацелася плакаць. Начное трапятанне лесу абнімала яе ўсю. Яна ні пра што не думала, нічога не бачыла. Неабсяжная ноч стаяла твар да твару з гэтай малюсенькай істотай.

Было ўсяго сем ці восем хвілін хадзьбы ад края лесу