Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/164

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Такім чынам, дзяўчынка, баючыся, каб яе не паслалі ноччу, заўсёды старанна сачыла, каб вады заўсёды было ў доме даволі.

Каляды 1823 года былі асабліва цікавыя ў Манфермейлі. Пачатак зімы быў вельмі мяккі, не было яшчэ ні марозу, ні снегу. З Парыжа прыехалі фокуснікі, а некалькі вандроўных гандляроў адкрылі свае крамы на царкоўнай плошчы да самага завулка Буланжэ, дзе знаходзіўся, як вядома, шынок Тэнард'е.

Свята напаўняла шумным натоўпам усе харчэўні і шынкі, і ў гэтым ціхім звычайна кутку кіпелі цяпер жыццё і ажыўленне. Напярэдадні каляд у нізкім пакоі шынка Тэнард‘е сабралася некалькі вознікаў і гандляроў, якія сядзелі вакол сталоў і пілі. Пакой напоўнены быў дымам і віннай парай і ледзь асвятляўся невялікай лямпай. Гаспадыня гатавала на яркім агні вячэру, гаспадар-жа выпіваў з гасцямі і гутарыў пра палітыку.

Казета сядзела на сваім заўсёдным месцы, на перакладзіне кухоннага стала ля ачага. Яна была ў лахманах, на босых нагах надзеты былі вялізныя драўляныя чаравікі. Пры слабым святле агня яна вязала шарсцяныя панчохі для маленькіх Тэнард‘е. З суседняга пакоя даносіліся дзіцячыя галасы Эпаніны і Азельмы.

У кутку, ля каміна, вісеў бізун.

Казета, жывучы ў гэтай зверападобнай нары, паходзіла да істоты, сціснутай паміж двух жоранаў. Вечныя лупцоўкі даставаліся ёй ад жонкі, лахманы-ж на ёй былі слядамі пабояў з боку мужа. Казета мыла бялізну, чысціла, скрэбла, вымятала, была на пабягушках, пераварочвала цяжар і наогул выконвала ўсю чорную работу, не гледзячы на сваю кволасць. Шынок Тэнард‘е быў павуцінай, дзе ў бяссіллі білася Казета. Нібы муху прымусілі служыць павукам.

Беднае дзіця маўчала і скаралася.

У пакой увайшлі чатыры новых падарожнікі.

Казета сядзела ў сумным задуменні, таму што хоць ёй не было яшчэ і васьмі год, але яна ўжо столькі намучылася, што думы яе былі пахмурныя, як у старой.

Пад вокам у яе быў сіняк ад удару, атрыманага ад гаспадыні. Гэта не перашкаджала, аднак, апошняй рабіць заўвагі, накшталт наступнага:

— Ці-ж можна быць такім уродам, як гэтая дзяўчынка?

Казета думала пра тое, што настала ўжо ноч, на дварэ вельмі цёмна, і што загадзя трэба-б наліць вады ў графін і ўмывальнікі ў пакоях прыехаўшых гасцей, а запас вады ў кадцы, між тым, быў вельмі невялікі.

Яе суцяшала толькі адно, што ў Тэнард‘е мала пілі вады.