Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/163

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

На другі дзень у тулонскай газеце было надрукавана наступнае паведамленне ў некалькі радкоў:

„17 лістапада 1823 года. Учора адзін катаржнік, з працаваўшых на „Орыёне“, выратоўваючы ад гібелі матроса, упаў у мора і ўтапіўся. Не маглі адшукаць нават яго трупа. Думаюць, што ён увяз паміж свай ля наберажнай. Чалавек гэты значыўся пад № 9430 і называўся Жанам Вальжанам.“

ХХХІV

МАНФЕРМЕЙЛЬ

Манфермейль ляжыць на ўскраіне ўзвышанага плато[1] і ў наш час прадстаўляе вельмі маляўнічую мясцовасць, пакрытую дачамі, а па нядзелях — пярэстым натоўпам гуляючых людзей. Але ў 1823 годзе нічога падобнага не было. Гэта была бедная вёска сярод лесу. Зрэдку там і сям трапляліся яшчэ панскія дачныя дамы мінулага стагоддзя, але і яны стаялі поўразбураныя, як помнікі знікшай велічы. Тым не менш у Манфермейлі жылося вельмі ціха і спакойна танным вясковым жыццём. Адзінай нявыгадай быў недахоп у вадзе, таму што мястэчка знаходзілася на высокім плоскагор‘і, і ваду прыходзілася прыносіць здалёку. Адзін канец вёскі даставаў яё з цудоўных лясных возерцаў; другі-ж даставаў з маленькай крыніцы, якая была за чвэрць гадзіны хадзьбы ад Манфермейля.

Турботная гэта была справа для кожнай сям‘і — запасацца вадой. Багатыя дамы, мясцовая арыстакратыя, між іншым і шынок Тэнард‘е, карысталіся паслугамі аднаго старога, якому плацілі па грашу за вядро і які спецыяльна займаўся дастаўкай вады. Але стары працаваў толькі да сямі гадзін вечара летам і да пяці зімою. Як толькі пачыналася ноч і запіраліся акяніцы, кожны, у каго нехапала вады, павінен быў ісці здабываць яе сам, або абыйсціся без яе.

Гэта наводзіла жах на маленькую істоту, па імю Казету, не забытую, мабыць, чытачом.

Прыпомнім, што Казета прыносіла карысць сям‘і Тэнард'е двайным спосабам: за яе атрымлівалі грошы і прымушалі яе прыслугоўваць. Таму, калі маці перастала плаціць за Казету, яе ўсё-такі пакінулі ў сябе. Яна замяняла служанку.

У выпадку патрэбы, яна бегала да крыніцы па ваду.

  1. Плато — роўнае плоскагор‘е на большай ці меншай вышыні над узроўнем мора.