Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/161

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

нага афіцэра і, сярод мітусні і нерашучасці ўсяго экіпажа, папрасіў дазволу рыскнуць жыццём для выратавання гінучага. Па сцвярджальнаму знаку афіцэра, чалавек гэты адным ударам малатка разбіў нажныя калодкі, потым схапіўся за вяроўку і пачаў карабкацца па снасцях. У тую хвіліну ніхто і не звярнуў увагі на тое, як лёгка разбіты былі калодкі. Толькі пасля ўспомнілі пра гэта.

Мігам ён быў ужо на рэі. На хвіліну ён спыніўся, нібы вымяраючы вачыма адлегласць. Гэтая хвіліна здалася вечнасцю тым, што стаялі на беразе. Нарэшце, катаржнік узняў вочы да неба і зрабіў крок наперад. Натоўп уздыхнуў. Убачылі потым, як ён бягом прабег па рэі. Дайшоўшы да яе канца, ён прывязаў да яго прынесеную з сабой вяроўку і пачаў спускацца па ёй. Усіх ахапіла страшэнная трывога. Цяпер замест аднаго над бяздоннем павісла двое.

Дзесяць тысяч позіркаў накіраваны былі на гэтую групу. Не чутно было ні малейшага руху. Усе вусны затаілі дыханне, нібы баючыся дадаць лішні подых ветру, што калыхаў абодвух няшчасных.

Катаржніку, між тым, удалося дабрацца да матроса. Быў час: яшчэ хвіліна, і знясілены чалавек зваліўся-б у прадонне. Катаржнік зачапіў яго сваёй вяроўкай і пачаў зноў падымацца наверх, цягнучы за сабою матроса. Хутка ён данёс яго да рэі і там здаў на рукі падаспеўшым к гэтаму часу таварышам.

У гэтую хвіліну натоўп заапладыраваў. Стары наглядчык плакаў ад умільнасці, жанчыны абнімаліся на беразе, і ўсе ў адзін голас закрычалі ўстрывожана, але разам з тым ярасна:

— Памілаванне гэтаму чалавеку!

Ён-жа хутка пачаў спускацца. Каб хутчэй зрабіць гэта, ён каўзануўся па снасцях і прабег па ніжняй рэі. Усе позіркі сачылі за ім. Была хвіліна, калі ўсе спалохаліся за яго. Ці таму, што ён змарыўся, ці ў яго закруцілася ў галаве, толькі ўсе бачылі, што ён спатыкнуўся і захістаўся. Раптам усе страшэнна ўскрыкнулі: катаржнік сарваўся і ўпаў у мора.

Падзенне было небяспечнае. Паблізу ля „Орыёна“ стаяў другі карабль, і няшчасны галернік папаў паміж двух суднаў. Баяліся, каб яго не падцягнула пад адно з іх. Чатыры чадавекі адразу-ж кінуліся ў лодку. Натоўп падбадзёрваў іх: трывога зноў ахапіла сэрцы ўсіх. Чалавек больш не паказваўся на паверхні. Ён знік у моры, нават не памуціўшы яго, нібы кануў у бочку з маслам. Ныралі, шукалі — усё дарэмна. Шукалі яго да вечара. Не знайшлі нават цела.