Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/160

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

збыт зменшыўся, заказы скараціліся, заработак пагоршыўся, майстэрні апусцелі і пачалося разарэнне. Бедныя нічога больш не атрымлівалі. Усё загінула.

ХХХІІI

КАРАБЛЬ „ОРЫЁН“

У канцы кастрычніка таго-ж 1823 года жыхары Тулона ўбачылі ўваходзячым у порт карабль „Орыён“, які пацярпеў вялікую буру ў акіяне і вымушаны быў таму зрабіць даволі значны рамонт у сваім корпусе. Гэта было вялізнае ваеннае судно, узброенае ста дваццацю пушкамі, і, уваходзячы ў гавань, нават скалечанае бураю, яно зрабіла вялікі эфект. Судно належала да эскадры, якая крэйсіравала ў Міжземным моры.

Бяздзейны натоўп дзень і ноч ціснуўся на прыстані і аднойчы раніцою зрабіўся сведкам наступнага здарэння.

Экіпаж быў заняты прымацаваннем парусоў да рэяў. Адзін з матросаў, што трымаў верхні канец паруса, раптам страціў роўнавагу. Усе заўважылі, як ён захістаўся, і натоўп, як адзін чалавек, ускрыкнуў, убачыўшы, што ён паляцеў праз хвіліну ўніз галавою ў бяздонне. Але, падаючы, ён схапіўся за другі канат і павіс на ім. Пад ім, на страшнай глыбіні, хвалявалася мора. Штуршок моцна разгойдаў канат, за які ён схапіўся. Чалавек гойдаўся на канцы яго.

Кінуцца яму на дапамогу азначала самому папасці ў страшную небяспеку. Ніводзін з матросаў, набраных нядаўна з мясцовых рыбакоў, не адважыўся зрабіць гэтага. Між тым, няшчасны траціў, як відаць, апошнія сілы. Усе часткі цела выражалі знямогу. Рукі сударгава ўздрыгвалі. Кожны яго рух яшчэ больш разгойдваў вяроўку. Ён не крычаў, баючыся яшчэ большай страты сіл. З хвіліны на хвіліну чакалі, што ён адарвецца, і галовы гледачоў мімаволі адварочваліся, каб не бачыць гэтага жаху.

Раптам убачылі, як нейкі чалавек са спрытам тыгра пачаў узбірацца па снасцях.

Чалавек гэты быў апрануты ў чырвоную куртку, значыць катаржнік. На галаве — зялёны калпак, значыць асуджаны навекі. Калі ён падняўся да вышыні галоўнай мачты, вецер сарваў і панёс з галавы ў яго шапку. Агалілася зусім белая галава. Гэта, відавочна, быў чалавек ужо немалады.

Сапраўды, адзін з катаржнікаў, які працаваў пры рамонце судна, у першую хвіліну сумятні падбег да дзяжур-