Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/132

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

— А, гэта іншая справа. Вось прайдзіце ў гэтыя дзверы, там сядзіць стораж. Вам прыдзецца падняцца па лесніцы.

Яны рассталіся, і праз некалькі хвілін праезджы быў у зале, дзе тоўпілася маса народу, між якімі выдзяляліся групы адвакатаў у мантыях. Шум, які стаяў у зале, быў падобны да гудзеняя пчалінага вулля. Вялізны пакой асвятляўся адной толькі лямпай. Двустворчатыя дзверы, зачыненыя ў гэтую хвіліну, аддзялялі яго ад зала пасяджэнняў.

У пакоі было так цёмна, што Мадлен не пабаяўся звярнуцца да першага сустрэчнага адваката і запытаў:

— Скажыце, калі ласка, у якім становішчы справа?

— Скончана, — адказаў адвакат.

— Скончана!

Гэта было вымаўлена з такім выразам, што адвакат жвава абярнуўся.

— Выбачайце, паважаны судар, вы, можа радня? — запытаў ён.

— Не, я тут нікога не знаю. Прыгавор ужо абвешчаны?

— Вядома, як-жа іначай?

— У катаржныя работы?

— Назаўсёды.

— Значыць, тоеснасць асобы была даказана цалкам? — запытаў Мадлен слабым, ледзь чутным голасам.

— Якая тоеснасць? — адказаў адвакат. — Тут не было чаго і даказваць. Справа зусім ясная. Гэтая жанчына забіла сваё дзіця, гэта факт, і яе прыгаварылі да вечнай катаргі.

— Хіба гэта жанчына?

— Ну так, вядома. А вы ў мяне пра каго запытваеце?

— Ні пра каго. Чаму-ж зал асветлены да гэтага часу, калі справа скончана, гаворыце вы?

— Цяпер пачалася другая, гадзіны дзве таму назад.

— Якая другая?

— О, гэта такая-ж простая і відавочная. Гэта пра аднаго катаржніка, рэцыдывіста[1], які зрабіў нейкую пакражу. Не памятаю добра яго імя. Вось, я вам скажу, фізіяномія! Даволі зірнуць на яго, каб саслаць на галеры.

— Ці не можна прайсці ў зал?

— Думаю, што цяжка. Публікі шмат. Цяпер між іншым, перапынак, калі зноў пачнецца пасяджэнне, можна будзе паспрабаваць.

— А дзе ўваход?

— Праз гэтыя вялікія дзверы.

Адвакат адышоў. За гэтыя некалькі хвілін Мадлен зазнаў розныя душэўныя парыванні. Абыякавыя словы адва-

  1. Рэцыдывіст — чалавек, які паўтарыў зробленае злачынства.