Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/131

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Ён прыпісаў якуюсьці заспакойваючую мікстуру на ноч і сказаў сястры, адыходзячы:

— Ёй значна лепш. Калі яшчэ здарыцца так, што пан мэр прывязе ёй дзіця, то — хто ведае? — бываюць такія нечаканасці, што вялікія радасці спыняюць хваробны працэс зусім раптоўна. Магчыма, мы яе яшчэ і выратуем.

XXVII

СІСТЭМА АДМАЎЛЕННЯЎ

Было каля васьмі гадзін вечара, калі цялежка, якую мы пакінулі па дарозе ў Арас, уехала ў вароты паштовай станцыі. Чалавек, што сядзеў на ёй, рассеяна адказаў на некалькі пытанняў служанкі і гаспадара станцыі і ўвайшоў у нізкі пакой, дзе, узлакаціўшыся, усеўся за адзін з сталоў. Чатырнаццаць гадзін правёў ён у дарозе, тады як разлічваў праехаць усяго шэсць. Ён апраўдваў сябе тым, што не па сваёй віне страціў так многа часу, але ў глыбіні душы гэта яго не вельмі засмучала.

Увайшла гаспадыня гасцініцы.

— Вы астанецеся начаваць, судар? Ці не хочаце з'есці чаго-небудзь? — запытала яна.

Ён адмоўна матнуў галавой.

Праз некалькі часу ён вышаў на вуліцу і пайшоў у горад. Ён не ведаў Араса. На вуліцах было цёмна, і ён ішоў наўдачу. Паміж тым, ён унікаў запытваць дарогу ў прахожых. Пасля некаторага хістання, аднак, ён вымушаны быў гэта зрабіць і запытаў асцярожна ў першага сустрэчнага:

— Паважаны судар, скажыце, калі ласка, дзе знаходзіцца будынак суда?

— Вы, напэўна, не тутэйшы, — адказаў яму незнаёмы. — Хадзіце за мной, я якраз іду ў той бок. Калі вы хочаце слухаць якую-небудзь справу, то думаю, што спазніліся. Звычайна пасяджэнне канчаецца ў шэсць гадзін.

Яны вышлі на вялікую плошчу, у глыбіні якой стаяў вялізны цёмны будынак з чатырма ярка асветленымі вокнамі, што рэзка вырысоўваліся ў цемры.

Прахожы паказаў на іх.

— Зрэшты, вы, здаецца паспееце якраз упару, — сказаў ён. — Бачыце гэтыя вокны? Гэта зал пасяджэнняў. Напэўна, яшчэ не скончылася, відаць, справа зацягнулася. Вас яна вельмі цікавіць? Гэта крымінальны працэс? А вы, можа, сведка?

— Не, я па справе, мне трэба перагаварыць тут з адным адвакатам.