Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/127

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

страшэннай радасці. Відавочна, лёс умяшаўся ў яго намеры. Ён разбіў цільбюры і перашкодзіў яму ехаць далей. Сам-жа ён рабіў усе захады, каб ехаць далей. Яму не было ў чым дакараць сябе. Ён не вінаваты, што не можа паспець к часу.

Ён уздыхнуў. Уздыхнуў вольна, поўнымі грудзьмі, у першы раз пасля візіта Жавера. Здавалася, жалезная рука, якая сціскала яму сэрца на працягу дваццаці чатырох гадзін, раптам разнялася. Яму ўявілася, што ён спакойна можа вярнуцца назад.

Раптам да яго падышла нейкая старая.

— Вы, здаецца, судар, запытвалі, ці не можна знайсці які-небудзь экіпаж? — сказала яна. — Я магу, калі хочаце, услужыць вам.

Гэтыя простыя словы абдалі яго халодным потам. Ён адчуў, што жалезная рука гатова зноў схапіць яго.

— Так, добрая жанчына, — адказваў ён, — я шукаю, ці няма кабрыялета.

— У яе простая таратайка без рэсораў, на якой і ехаць нельга, — загаварылі майстар і конюх. — Яна нічым не лепш за вашага паламанага цільбюры, судар.

Гэта была праўда, тым не менш ён загадаў запрэгчы яе і праз чвэрць гадзіны ўжо ехаў далей. Яму прыкра было за тую радасць, якую ён адчуў адну хвіліну. Ніхто-ж не прымушае яго рабіць гэтае падарожжа.

І ён зноў сцебануў свайго каня.

У Сен-Полі ён зноў даў адпачыць свайму каню і, згодна абяцання, данага Скофлэру, стаяў увесь час каля яго, пакуль ён еў авёс.

Праз гадзіну ён ехаў далей. Дзень пакрыху хіліўся к вечару. Да Араса аставалася яшчэ каля сямі міль. Раптам яму прышла ў галаву думка, што магчыма, ён спозніцца і працэс ўжо скончыцца, пакуль ён даедзе да месца. Ён-жа не ведае, у якой гадзіне пачнецца пасяджэнне па гэтай справе. Звычайна яно пачынаецца ў дзевяць гадзін раніцы, і, напэўна, разбор яе не зацягнецца доўга. З Шанмат‘е скончаць хутка, канстатуюць факт пакражы яблык, засведчаць асобу, і гатова. Ён, напэўна, прыедзе, калі ўсё ўжо будзе скончана.

А ноч спускалася ўсё хутчэй і хутчэй.

XXVI

ФАНТЫНА ШЧАСЛІВАЯ

Фантына, між тым, у гэтую хвіліну адчувала вялікую радасць.

Яна правяла ноч надзвычайна дрэнна: страшэнны кашаль, вялікая ліхарадка, брэд, які прадаўжаўся нават у час док-