Старонка:Гюго Адвержаныя.pdf/128

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

тарскага візіта. Доктар быў вельмі ўстрывожаны яе станам і прасіў адразу-ж паведаміць яму, як толькі пан Мадлен вернецца.

Усю раніцу яна была пахмурная, гаварыла мала, камячыла ў руках коўдру і штосьці лічыла. Вочы ў яе запалі і былі пільна накіраваны ў адзін пункт. Яны здаваліся патухлымі, але часам загараліся і блішчэлі, як зоркі.

Кожны раз, як сястра Сімпліцыя запытвала ў яе, як яна сябе адчувае, яна нязменна адказвала:

— Вельмі добра. Я-б жадала бачыць пана Мадлена.

Некалькі месяцаў таму назад Фантына была ценем ранейшай Фантыны, цяпер-жа яна была зданню. Хвароба цела давяршыла работу хваробы душы. Гэтая дваццаціпяцігадовая жанчына здавалася старэнькай, і, не гледзячы на белакурыя валасы, срабрыстыя ніці рэзка кідаліся ў вочы.

У поўдзень зноў прышоў доктар. Ён зрабіў некалькі распараджэнняў адносна хворай, запытаў, ці не быў пан мэр у больніцы, і паматаў галавой.

Пан Мадлен звычайна наведваў хворую ў тры гадзіны. Ён заўсёды быў вельмі акуратным.

Каля паловы трэцяй Фантына пачала хвалявацца. На пра-цягу дваццаці хвілін яна раз дзесяць запытала:

— Сястра, якая гадзіна?

Прабіла тры. Пры трэцім удары Фантына раптам шпарка прыпаднялася на сваёй пасцелі, тады як звычайна яна не мела сілы нават варушыцца. Яна сударгава сціснула і заламала рукі, прычым з грудзей у яе вырваўся цяжкі ўздых. Потым яна абярнулася і зірнула на дзверы.

Дзверы не адчыніліся, ніхто не ўвайшоў.

Каля чвэрці гадзіны аставалася яна з накіраваным на дзверы позіркам, ледзь дыхаючы, чакаючы. Сястра не адважылася загаварыць з ёю. На званіцы прабіла чвэрць чацвертай. Фантына адкінулася на падушкі.

Яна не вымавіла ніводнага слова і зноў пачала камячыць коўдру. Прайшло поўгадзіны, потым гадзіна. Ніхто не прыходзіў. Кожны раз, як чуўся бой гадзінніка, Фантына ўздрыгвалася, паварочвалася да дзвярэй, потым зноў падала на падушкі.

Думкі яе ясна чыталіся на яе твары, але яна маўчала і толькі страшэнна кашляла.

Яна была смяртэльна бледная і часам толькі ўсміхалася сваімі пасінелымі губамі.

Прабіла пяць, і сястра пачула, як хворая праказала ціха і павольна:

— Заўтра-ж я адыходжу, чаму-ж ён не прышоў сёння?