Перайсці да зместу

Старонка:Грамадска-палітычныя і філасофскія ідэі твораў Ф. Багушэвіча (Лушчыцкі).pdf/5

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

яго судовую справу. Пра верш «У астрозе» цэнзар пісаў: «Прыведзены верш узбуджае рэзкую і жорсткую варожасць не толькі да асобных прадстаўнікоў улады, але і наогул да ўсяго правячага класа, як яўна непрыгоднага і непатрэбнага і апіраючагася на законы... несправядлівыя і супроцьлеглыя інтарэсам сялянскай масы. Злачыннае дзеянне гэта прадугледжана п. 6, арт. 129 Крымінальнага Улажэння»[1].

У вобразе ўрадніка, гэтага тыповага прадстаўніка царскіх улад, нагадваючага чэхаўскага унтэра Прышыбеева, паэт выкрывае царскі дзяржаўны апарат.

Працоўны народ ненавідзеў ураднікаў і адначасова здзекліва высмейваў іх. Герой твора «У астрозе», селянін, якога асудзілі за тое, што ён незнарок вывернуў межавы слупок, прама выказвае да ўрадніка пачуццё пагарды і агіды.

Ураднік-жа піша, а я дык смяюся,
Кажу: «Ох, я надта цябе ды баюся!»
Пытаю: «Ці брат твой, ці бацька гніляк,
Што ўзяўся пісаць пратакол шчыра так?
Ці можа той кол толькі ёсць твой зямляк?
А можа вялікі якісь быў начал,
Ці спраўнік, ці большы яшчэ генерал?[2]

Асабліва гнеўна гучыць матыў пагарды працоўных сялян да чыноўнікаў у наступных радках:

Прыблуда! Схавайся, адкуль ты прыйшоў
У нас ужо досыць такіх прыбышоў.
І кожны згніе, бо як кол тут убіўся,
А зрублены пень там згніе, гдзе радзіўся!
А людзі рагочуць, зышоўшыся з хат,
Бо кожны ўтапіць-бы ўрадніка рад[3]

Накопленая стагоддзямі варожасць сялян да царскіх сатрапаў знаходзіць выхад у тым, што сяляне нярэдка распраўляліся з чыноўнікамі, ураднікамі. Пры падтрымцы прысутных герой верша «У астрозе» смела распраўляецца з ураднікам.

Я-ж біч яго ўзяўшы, ды ззаду зайшоў,
Урадніку тройчы як дам між вушоў!
Аж ён закрычаў: «Калавур, тут разбой!»
І зноў запісаў, ўзяў паперы з сабой,
Як сеў на каня, дый аж пыл закурэў,
Народ-жа са смеху увесь аж памлеў[4]

Па думцы сялян, ураднік - труцень, які жыве за кошт народа, а адсюль вывад, што трутняў трэба знішчаць.

Вельмі трапная характарыстыка ўрадніка і яго бясчынстваў дадзена ў словах сялян, калі яны адказвалі высокаму начальніку, за што адлупцавалі ўрадніка:

За тое, мы кажам, што надта ён ласы,
Што любе яешню, курэй і каўбасы;
Унадзіўся надта ён лазіць па хатах
Ды нюхаць, каторай муж служа ў салдатах:
Свіннёй гаспадарыць у нашым гародзе,
Праз дзверы улазе, праз вокны выходзе;
Ды надта цікавы, каторы што мае,
Не то што у свірны, ў кішэнь заглядае;
На полі слупкі-і да іх яму наўда,
Таго-ж не утаропе, гдзе крыўда, годзе праўда[5].

У вершы «У астрозе» ўзнімаюцца вельмі важныя соцыяльна-палітычныя пытанні, у тым ліку і аб характары законаў памешчыцка-буржуазнага ладу краіны.

Вядома, што рэформа 1861 года ўяўляла сабой крок па шляху ператварэння Расіі ў буржуазную манархію. Гэта знайшло сваё адлюстраванне і ў законадаўстве. Земская і судовая рэформа 1864 года, гарадская рэформа 1870 года, ваенная рэформа 1874 года-такія мерапрыемствы па ператварэнню феадальнай манархіі ў буржуазную.

Асновы буржуазнага права і яго прынцып «роўнасці ўсіх перад законам» фармальна знайшлі свой адбітак у судовай рэформе 1864 года. Па гэтай рэформе ўводзіліся суд прысяжных засядацеляў, адвакатура і інстытут судовых следчых. Была рэарганізавана пракуратура. Судовыя справы вяліся на буржуазна-дэмакратычных асновах публічнасці, вуснасці і спрэчнасці працэсу. Разам з тым буржуазна-судовая рэформа захавала многія перажыткі саслоўнага феадальнага суда, у іх ліку сялянскія суды, суды для духоўных асоб і саслоўна-дваранскі склад судовых органаў.

Ф. Багушэвіч выкрывае крывадушнасць прынцыпу буржуазнага права «роўнасці усіх перад законам». Гэты прынцып на справе з'яўляецца здзекам над працоўнымі, мішурой, якая прыкрывае панаванне памешчыкаў і капіталістаў.

Адказваючы вуснамі героя верша «У астрозе» на бясчынствы ўлад, паэт ускрывае сапраўдны характар законаў царскай Расіі,

Зачыншчык-жа я, — або я той калок
Спаліў, а другіх я ў бунт увалок;
Дык мяне ў астрог той жа час запярці
І судзіць найстражэй па вялікай стацці!

  1. Цытую па часопісу «Полымя» № 5, 1947 г., стар. 120.
  2. Ф. Багушэвіч. Выбраныя творы, Мінск,
    1952, стар. 74.
  3. Там-жа.
  4. Там-жа.
  5. Ф. Багушэвіч. Выбраныя творы, Мінск,
    1952, стар. 75.