Перайсці да зместу

Старонка:Грамадска-палітычныя і філасофскія ідэі твораў Ф. Багушэвіча (Лушчыцкі).pdf/12

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

палымяна прапагандаваў сваёй паэзіяй ідэі свабодалюбства, ідэі нянавісці да тыраніі, прыгнёту, да ўсяго самадзяржаўнага ладу. Аснову грамадска-палітычных, соцыялагічных і філасофска-эстэтычных поглядаў Багушэвіча складалі яго рэволюцыйна-дэмакратычныя погляды.

Важнейшая асаблівасць філасофскіх поглядаў Багушэвіча, як і рускіх рэволюцыйных дэмакратаў, заключаецца ў тым, што ён разглядае філасофскія пытанні галоўным чынам з пункту гледжання іх значэння для грамадскага жыцця, для барацьбы супроць самадзяржаўя.

Творчасць Багушэвіча дае падставу зрабіць вывад, што ў вытлумачэнні з'яў прыроды ён быў стыхійным матэрыялістам. Ён разумеў і выказваў гэта ў сваіх творах, што знешні свет існуе незалежна ад чалавека і яго свядомасці. Іменна гэты натуральны вывад, які ляжыць у аснове філасофскага матэрыялізма, па думцы В. І. Леніна, уласцівы кожнаму здароваму чалавеку.

Матэрыялістычны светапогляд паэта яскрава праяўляецца ў яго атэізме. Матэрыялізм і атэізм у яго творчасці арганічна звязаны паміж сабой. У гэтых адносінах вельмі характэрнымі з'яўляюцца творы Багушэвіча «Бог не роўна дзеле», «Праўда», «Дурны мужык, як варона», «Як праўду шукаюць», «У судзе», «У астрозе», «Быў у чысцы», «Гора», «Не ўсім адна смерць» і іншыя.

Бог у прадстаўленні Багушэвіча не толькі не ўсемагутны, але і бяссільны. Ён — прычына ўсяго зла на зямлі. Бог і памешчык здзекуюцца над працоўным народам. Дарэмны спадзяванні на бога, гаворыць паэт. Колькі ні прасілі людзі бога дапамагчы ім знайсці праўду, але ўсе просьбы былі марнымі.

Прасіў бога ласкі: «Адвярні ты, божа,
Злую нашу долю на сухія пушчы,
Адвярні на камень ці на бездарожжа,
На вялікі ройсты, на пяскі сыпушчы,
Ды каб не зазнала ніяка стварэнне
Гэтай долі нашай да веку сканчэння!».
Не пачуў ён енку, не увідзеў мукі,
Крыж уеўся ў плечы, ланцугі у рукі[1].

У сваіх разважаннях пра бога і рэлігію Багушэвіч дасціпна высмейвае афіцыйную самадзяржаўна-прыгонніцкую рэлігійную ідэалогію, паказваючы, што эксплаататары выкарыстоўваюць імя бога для прыгнечання народа. Вось прыклад з верша паэта:

Ото-ж і завуць і мяне на той суд —
Вучыць шанаваць і начальства, і кнут,
І слуп, што гніець, стаючы ля дарог.
Бо начал, кнут і слуп-то даў бог![2]

Так разважае герой твора, трапіўшы без віны ў турму і зразумеўшы, што суд, турма, здзекі - усё гэта прыкрываецца імем бога.

У пытаннях адносін да рэлігіі Багушэвіч стаяў на пазіцыі рускіх рэволюцыйных дэмакратаў, якія разумелі, што царква і царкоўныя служкі з'яўляліся важнейшай ідэйнай зброяй самадзяржаўя і прыгонніцтва, апорай усялякай рэакцыі, душыцелямі свабоды, прагрэсу, культуры. Так Н. Г. Чэрнышэўскі, падкрэсліваючы класавую ролю рэлігіі як духоўнага сродку ашуканства народных мас, гаварыў, што мэта усялякай рэлігіі заключаецца ў прывучэнні галодных і раздзетых да думкі аб тым, што яны вечна павінны быць галоднымі і няшчаснымі. Рэлігія, сцвярджаў Чэрнышэўскі, адпавядае інтарэсам пануючых класаў, а царкоўнаслужыцелі заўсёды прапаведуюць народу такія рэлігійныя настаўленні, якія выгадны існуючым грамадскім і дзяржаўным парадкам.

Багушэвіч, таксама як і рускія рэволюцыйныя дэмакраты, ускрываў цесны саюз царквы з самадзяржаўем, памешчыкамі і буржуазіяй. Паэт гаварыў, што i народ пачынае разумець адзінства пазіцый царквы і самадзяржаўя. Адзін з герояў твора заяўляе: «Асэсар зганяе, здзірае і муча нас... а поп сабе такжа дзярэць з нас». Царква і яе служыцелі, суды і турмы, пасрэднікі і ўправы, сіноды і сенаты агульна прыгнятаюць і эксплаатуюць наРодныя масы. Гэтая думка акрэслена сфармулявана ў вершы «Як праўду шукаюць»:

Як камень у воду, так праўда прапала!
Судоў нарабілі, начальстваў ці мала:
Пасрэднік і воласць, сінод і сенаты,
Прысуцтвы і вокруг, управы, палаты[3].

Не выпадкова сінод, вышэйшую калегіяльную царкоўную ўстанову, паэт паставіў побач з сенатам, палатамі і ўправамі. Гэтым самым падкрэсліваецца, што царква, абагатвараючы царскую земную ўладу і прапаведуючы рэлігійныя настаўленні, адурманівала народ і дапамагала самадзяржаўю прыгнятаць яго. Не выпадкова таксама Багушэвіч у вершы «Не ўсім адна смерць» ставіць побач памешчыка і бога і заключае, што «пана баялісь, як бога». Так было таму, што ўладу памешчыка над селянінам царква прыкрывала і асвячала імем бога.

Побач з папом, прадстаўніком праваслаўнай царквы, паэт ставіў і служыцеляў каталіцызма, іудзейскай рэлігіі. Усе яны аб'едноўваліся сумесна, калі справа ішла аб абароне самадзяржаўя. Так, у вершы «У судзе» паэт паказвае, што на суд, дзе чынілі расправу над сялянамі, разам з чыноўнікамі і памешчыкамі прыйшлі і служыцелі культаў «быў тут ксёндз, быў тут і поп, нават рабін зайшоў».

  1. Ф. Багушэвіч. Выбраныя творы, Мінск,
    1952, стар. 44.
  2. Там-жа, стар. 76.
  3. Ф. Багушэвіч. Выбраныя творы, Мінск,
    1952, стар. 32.