Перайсці да зместу

Старонка:Гравюры і кніжныя аздобы ў выданьнях Францішка Скарыны (1926).pdf/45

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

якія высоўвае на першы плян Уладзімераў пры разглядзе надворнае апрацоўкі скарынавых выданьняў.

Фактычна, першым, хто высунуў падобную думку, быў яшчэ Даброўскі, які, разглядаючы праскія выданьні Скарыны, выказаў чыста апрыорнае дапушчэньне, што патрэбныя Скарыне для гэтых выданьняў гравёры маглі быць ім знойдзены ў Нюрэнбэргу[1]. Да гэтай думкі Ўладзімераў далучаецца, праўда, ня цалкам: аб самых гравёрах ён з пэўнасьцю нічога ня кажа, але без абмовак прымае і нават пашырае дапушчэньне Даброўскага аб нямецкай аснове скарынавае гравюры і орнамэнтыкі: „Праскія выданьні Скарыны, — зацьвярджае ён, — уяўляюць найбольшую сувязь з сучаснымі ім нямецкімі — нюрэнбэрскімі і аўгсбурскімі — выданьнямі, прычым сувязь гэтая магла быць або беспасрэднай, або праз пасярэдніцтва праскіх друкароў; сувязь гэтая выяўляецца, галоўным чынам, у некаторых літарах, у гравюрах, аздобах і загалоўных аркушох“[2]. Паказваючы, аднак, у тэорыі, яшчэ шырэй за Даброўскага, на нюрэнбэрскія і аўгсбурскія выданьні, Уладзімераў на практыцы ізноў абмяжоўваецца толькі Нюрэнбэргам, вызначаючы ў якасьці крыніц скарынавых гравюр і орнамэнтыкі ўласна нюрэнбэрскія выданьні: „Біблію“ 1483 г., „Хроніку“ Шэдэля 1493 г. і „Комэнтарыі“ („Postilla“) Міколы Лірана 1481 г.[3]. Аўторытэт капітальнае монографіі Ўладзімерава замацаваў гэтае зацьверджаньне ў літаратуры. Так, напрыклад, ужо ў самыя апошнія часы, некалькі перафразуючы і яшчэ пашыраючы Ўладзімерава, паўтарае яго Папоў, які зазначае, што па сваіх гравюрах „кнігі Скарыны выяўляюць падабенства да чэскіх (курсіў наш) і нямецкіх выданьняў, прычым найвялікшы ўплыў зрабіла нямецкая хроніка Шэдэля 1483 г.“[4]. (Пры гэтым год паказаны памылкова, замест 1493). Таго-ж пункту пагляду прытрымліваецца Ўладзімераў і ў адносінах да віленскіх выданьняў: „Разьмеркаваньне гравюр і рысунак іх, — кажа ён, — паказваюць на падвойныя адносіны „Малое Падарожнае кніжыцы“: папершае — да вэнэцыйскага „Малітваслову“ 1520 г. і падругое — да нямецкіх гравюр. Асаблівасьці віленскіх выданьняў (аздобы і гравюры) паказваюць на тыя-ж сувязі з нямецкімі друкарнямі як і ў праскіх выданьнях“[5].

На справе, аднак, трэба прызнаць, што ўсе гэтыя зацьверджаньні Ўладзімерава амаль што ня маюць пад сабой рэальных падстаў, асабліва-ж, што набліжэньні кніжок Скарыны да выданьняў Лірана і Шэдэля пагрунтаваны на нейкім асноўным непаразуменьні. Мы ўжо зазначалі, што запраўды з гэтых выданьняў Скарынай былі запазычаны (і то ў пераапрацаваным відзе) 5 тлумачальных рысункаў кнігі „Ісход“ і 6 аналёгічных рысункаў 3-й кнігі „Царстваў“ з вобразамі паасобных частак скініі і ерусалімскага храму, а таксама некаторых храмовых прылад; але запазычаньне гэтае, абмежаванае толькі данай групай рысункаў, як мы гэта ўжо казалі, можа быць вытлумачана верай Скарыны ў аўторытэт абодвых вышэйпамянёных аўтараў, але ні ў якім выпадку не мастацкімі меркаваньнямі, бо ва ўсіх іншых гравюрах — і гэта самае галоўнае — выданьні Скарыны зусім незалежны ад вышэйазначаных выданьняў Лірана і Шэдэля. Паказанае Ўладзімеравым запазычаньне пэйзажу ў „Ераміі“ і добравешчаньня ў „Малой Падарож-

  1. Litterarische Nachrichten von einer Reise nach Schweden. „Neuere Abhandlungen der K. Böhmischen Gesellschaft der Wissenschaften“. Prag 1795. S. 186.
  2. Владимиров. „Доктор Франциск Скорина“, стар. 81.
  3. Ibidem, стар. 76.
  4. Павло Попов. „Початки друкарства у слов‘ян“, — „Бібліологичні вісти“. Киів, 1924. Стар. 23.
  5. Владимиров. „Доктор Франциск Скорина“, стар. 177-178.