шыню Ўладзімеравым і пасьля яго традыцыйна пашыраная ў літаратуры думка аб найбольш інтэнсыўным уплыве ўласна нямецкае гравюры на мастацкі бок выданьняў Скарыны — бязумоўна патрабуе вядомага перагляду.
Нарэшце, да чацьвертае групы адыходзіць шэраг гравюр некалькі рознастайнага характару, прыёмы рысунку якіх у некаторых выпадках набліжаюцца да гравюр іншых груп, тэхнічныя-ж спосабы гравіраваньня, амаль што ва ўсіх выпадках значна грубей і слабей, і ў розных аркушох неаднолькавы. Па замыслах сваіх шмат якія з іх задуманы вельмі ўдала; але таксама як і да дрэварытаў першае групы да гэтых гравюр можна дапасаваць увагу Стасава, — якая да ўсіх гравюр у выданьнях Скарыны ніякім чынам ня можа быць аднесена, — што выкананьне іх у тэхнічным сэнсе ня зусім адпавядае замыслу і самае гравіраваньне ўсюды горш за рысунак і композыцыю[1]. Некаторыя дэталі, як напрыклад рухі левай рукой і адваротны рысунак „гэрба“, паказваюць на вядомую неспрактыкаванасьць гравёра (або гравёраў), які вырэзваў рысункі ў тым самым відзе, як яны былі намаляваны, дзеля чаго пры друкаваньні яны адбіліся ў адваротным кірунку. Аб тэй-жа неспрактыкаванасьці сьведчыць і некаторая нявыразнасьць ліній, разам з заблытанасьцю штрыхоўкі. Але самыя рысункі ― значна лепш па сваёй якасьці, так што мала магчыма прыпісаць іх таму-ж майстру, які гравіраваў клішэ; аўтарам іх была, напэўна, другая асоба ― пры гэтым даволі здольны мастак, адметны толькі некаторымі асаблівасьцямі і орыгінальнасьцю сваёй композыцыйнай манеры, як напрыклад адваротнай пэрспэктывай, характэрнай для некалькіх дрэварытаў групы.
Да чацьвертае групы мы адносім наступныя гравюры:
1. Іоў і д‘ябал з кнігі „Іова“ 1517 г. Памер: 85×87 mm. Надпісу няма. (Паўторана два разы: перад пачаткам кнігі і на аркушы 4-м, замест застаўкі).
У вялікім пакоі на высокім ложку агалёны Іоў; перад ім д‘ябал, падобны да казла, трымае яго за руку правай рукой, левай-жа б‘е яго розгамі. На пярэднім пляне з левага боку тры мужчынскія фігуры большых памераў, у доўгіх адзеньнях і шапках; направа ― адна жаночая фігура.
Тэхніка выкананьня ― нявысокае якасьці. Але ўсё-ж добра вытрыманы прасторавыя адносіны і досыць плястычна трактаваны паасобныя фігуры, асабліва першая з ліку трох мужчынскіх фігур з левага боку.
2. Дыспут з кнігі „Ісуса сына Сірахава“ 1517 г. Памер: 106×105 mm. Бяз надпісу. (Уладзімеравым памылкова адзначаецца (стар. 78), як застаўка на аркушы 5-м).
У закрытым памяшканьні з готычнымі скляпеньнямі ― група мужчын, адзін з якіх сядзіць на катэдры з кнігай, іншыя-ж стаяць перад ім, як быццам спрачаючыся паміж сабой. Вобраз сядзячай на катэдры мужчынскай фігуры з кнігай для данага месца бібліі зьяўляецца традыцыйным: аналёгічныя фігуры мы сустракаем у вэнэцыйскай лацінскай „Бібліі“ 1498 г. і ў чэскай „Бібліі“ 1506 г. („Ecclesiasticus“); але з формальна-композыцыйнага боку гравюра Скарыны ніякае сувязі з імі ня мае. Апошняя некалькі грубая па выкананьні, але зроблена досыць моцна; пры ўсёй грубасьці штрыхоў у ёй цікавы густы і выразны ко-
- ↑ Стасов, Op.cit., стар. 32.