Перайсці да зместу

Старонка:Гравюры і кніжныя аздобы ў выданьнях Францішка Скарыны (1926).pdf/29

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

1. Суд Саламона з кнігі „Прыповесьці Саламона“ 1517 г. Памер: 86×87 mm. Надпіс: „Первыи судъ еже судил Саломонъ царь две жене блудъници о двоихъ детехъ“. (Паўторана два разы: перад пачаткам кнігі і на аркушы 5-м.).

Направа, каля сьцяны, Саламон на троне, у доўгай мантыі, з каронай на галаве і скэптрам у правай руцэ; за тронам — пышна орнамэнтаваны фон, і каля яго некалькі набліжоных Саламона, адзін з якіх на пярэднім пляне ўжо выцягнуў меч з нажон, рыхтуючыся расьсячы младзенца, што ляжыць у падножжы трону. Налева перад тронам дзьве жанчыны, а каля іх два жаўнеры, у пышных адзежах з буфамі і пер‘ямі. Усе тыпы фігур, характары твараў, а таксама фасоны вопратак і галаўных убораў — бясспрэчнага нямецка-готычнага характару. Тэхніка выкананьня — дробная, дакладная, у лепшых адбітках амаль што дасканалая ў сваёй выразнасьці, — уяўляе руку здольнага і спрактыкаванага гравёра.

2. Памазаньне Давыда з 1-е кнігі „Царстваў“ 1518 г. Памер: 104,5×104 mm. Надпіс: „Самуилъ Прркъ Гдень Помаза Двда Нацарство“.

Прыгожая шматфігурная композыцыя з багатай готычнай архітэктурай на заднім пляне; нагары направа балькон з балюстрадай, на якім відаць жаночыя фігуры. Усё поле гравюры запаўняе натоўп у рознастайных вопратках і галаўных уборах нямецкага тыпу. З левага боку, каля афярніка, з яго выдзяляюцца толькі фігуры Самуіла ў адзежы первасьвяшчэньніка і нахіленага маленькага Давыда з доўгімі валасамі. Тэхніка, як у папярэднім выпадку, — дробная і дасканалая, фігуры ў натоўпе некалькі зьліваюцца адна з аднэй, але твары надзвычайна выразныя.

3. Пабудова Ерусалімскага храму з 3-й кнігі „Царстваў“ 1518 г. Памер: 104×104 mm. Надпіс: „Царь Саломон ставит храм гсду богу Въерусалиме“. Адзначана Равінскім, як адна з лепшых гравюр у кнігах Скарыны („Русские граверы“, стар. 5), і запраўды зьяўляецца адной з найбольш дасканалых па моцы сваёй і колёрытнасьці. На заднім пляне частка будовы храму з готычнымі контрфорсамі і аркбутанамі; каля яе ўсякія прылады, — ворат, пад‘ёмнік і г. д.; усюды, і на будынку, і каля яго, відаць фігуры рабочых за працай. З левага боку — Саламон, у справаджэньні сьвіты, у доўгай мантыі і ў кароне; перад ім нехта ў кароткім плашчы і з буфамі на рукавах камзолу дае яму тлумачэньні. Дакладнасьць тэхнікі надае ўсёй гравюры высокую плястычнасьць і эфэктоўнасьць; умелае-ж ужываньне чорных плям, разам з штрыхоўкай, утварае асаблівую глыбіню.

(Уладзімераў (стар. 79) памылкова адзначае, як быццам гравюра гэтая, разам з шасьцю тлумачальнымі рысункамі да саламонава храма, — аб якіх гутарка будзе ніжэй, — запазычана з „Хронікі“ Шэдэля, або коментарый („Postilla“) Міколы Лірана[1]; фактычна гэта не адпавядае рачавістасьці, бо ані ў „Хроніцы“ Шэдэля, ані ў „Глёссах“ Лірана аналёгічнае гравюры зусім няма).


Ва ўсёй групе цалкам трэба адзначыць некаторую яе выпадковасьць і нейкую нязьвязанасьць з іншымі скарынавымі гравюрамі. Адсутнасьць звычайных „гэрбаў“, якія сустракаюцца амаль што ўсюды ў іншых групах, магчыма, паказвае нават, што першапачаткова гравюры гэтыя і ня былі спэцыяльна прызначаны для выданьняў Скарыны. Наагул-жа нязначнасьць групы сьведчыць, што высунутая ўпяр-

  1. Nic. de Lyra. Glossae in universa Biblia. Nurnbergae. A. Koburger. 1481. Рас. Пуб. Бібл., 9. XVI. 2, №№ 1 і 1 в.