пярэднім пляне выдзяляюцца тры фігуры ў добра распрацаваных і цікавых па сваім фасоне адзежах. Яны апрануты ў доўгія, зашпіленыя сьпераду вопраткі з шырокімі каўнерамі і вузкімі рукавамі; на сярэднім з іх футраная шапка, два іншыя бяз шапак з доўгімі непакрытымі валасамі. Тыпы твараў — славянскія, таксама як і ў некаторых напалову закрытых фігурах задняга пляну.
Тэхніка выкананьня — як і ў іншых гравюрах групы — ясная, чытэльная, з выразнымі штрыхамі і плястычнай апрацоўкай фігур, якім адведзена галоўная роля пры амаль што поўнай адсутнасьці пейзажу. Гэтай тэхнікай, таксама як тыпам фігур і характарам вопратак, гравюра Скарыны рэзка адрозьніваецца ад аналёгічнай гравюры чэскае „Бібліі“ 1506 г. (Сар. XXXVІ), да якой яна набліжаецца па агульнай сваёй композыцыі.
9. Самсон і леў з кнігі „Судзей“ 1519 г. Памер: 104,5×105 mm. Надпіс: „Самсонъ пресилныи расторгалъ льва напути“.
На заднім пляне — узгорак і дрэва, на якім прымацаваны шчыт са звычайным „гэрбам“. На пярэднім магутная фігура Самсона ў барацьбе са львом. Цікава яго адзежа з шырокімі ў верхняй частцы рукавамі (як быццам нямецкага тыпу), і трактоўка валос у выглядзе лісьцяў. Тэхніка некалькі болей нядбайная як у папярэдніх выпадках, але таго-ж характару і ня менш энэргічная. (Згодна ўвазе Ўладзімерава падобная гравюра сустракаецца ў нямецкіх бібліях (стар. 80), — але за адсутнасьцю больш дакладнага паказаньня праверыць гэты факт мы ня мелі магчымасьці).
10. Эстэр перад Артаксэрксам з кнігі „Эстэр“ 1519 г. Памер: 103,5×105 mm. Надпіс: „Есьферъ Царица пришла предъ Асъвера Царя“. (Адзначана Равінскім — „Русские граверы“, стар. 5, — як адна з лепшых; рэпродукавана ў монографіі Ўладзімерава пры стар. 82).
Уся композыцыя расплянавана на фоне архітэктурных мотываў; налева кавалак муру, у васяродку колюмны; на адной з іх падвешаны шчыт са звычайным „гэрбам“. Направа пад аркай, аздобленай дэкорацыйнай віньеткай, сядзіць Артаксэркс, у кароне, з скэптрам у правай руцэ. Перад ім знаходзіцца група з чатырох жанчын: сьпераду Эстэр, таксама ў кароне і ў мантыі паўзьверх адзежы, блізкай да нямецкага тыпу; мантыю яе падтрымлівае адзаду другая жаночая фігура, з буфамі на рукавах і непакрытымі валасамі, якая крыху нагадвае фігуру прыслужніцы з гравюры „Юдыта і Олёфэрн“; дзьве іншыя фігуры напалову закрыты пярэднімі; адна з іх мае распушчаныя валасы, сьцягнутыя ланцужком (або пацеркамі); валасы другой падабраны ў сетку.
Па тэхніцы гравюра набліжаецца да „Юдыты“, але зроблена яшчэ больш энэргічна; асноўныя лініі прарэзаны надзвычайна моцна, штрыхоўка больш рознастайная, часта ўжываецца перакрыжны штрых, у некаторых-жа мясцох штрыхі зьліваюцца ў чорныя плямы; з гэтай прычыны фігуры выдзяляюцца вельмі рэльефна і ўся гравюра цалкам вызначаецца асаблівай сакавітасьцю.
(Гравюра паўторана два разы: перад пачаткам перакладу з гэбрайскага тэксту і перад пачаткам перакладу з лацінскага тэксту).
11. Плач Ераміі з кнігі „Прарока Ераміі“ 1519 г. Памер: 105,5×105,5 mm. Надпіс: „Еремиа Прркъ годень плачеть Гледя НаЕрусалим“. Як па сваёй композыцыі, так і па апрацоўцы гравюра гэтая зьяўляецца адной з найлепшых сярод гравюр Скарыны. Асабліва выразна і добра зроблена фігура Ераміі направа на пярэднім пляне; ён сядзіць з кнігай у левай руцэ, правая-ж прыложана да грудзей; каля ног яго зьмешчаны шчыт з „гэрбам“; ня толькі твар яго награвіраваны надзвычайна ўдала, але таксама і скалы навокал яго, і стылізаваныя віткі