Перайсці да зместу

Старонка:Голы зьвер (1926).pdf/55

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

глядаў на жыцьцё? Вось у гэтым якраз і памылка ваша, ад якой мне хацелася вас перасьцярэгчы. Лідачка, мне не хацелася б гаварыць груба і жорстка, вы мяне выбачце… Вы ведаеце, як завецца на мове грамадзкае думкі Яроцкі? — Ведаеце, хто ён такі?

Горскі спыніўся. Гэта наўмысьля ён так, каб мацней уцяць Лідачку. О, Лідачка гэта разумее. Але — няхай, яна вытрымае. Яна здо- лее выслухаць да канца яго сухія жорсткія словы.

— Яроцкі — жулік. Так. Самы звычайны. Ён — злодзей, які толькі дзіўным выпадкам не сядзіць у турме. Вы гэта ведалі?

Кожнае слова з сьвінцовым націскам. Кожнае слова — удар. Быццам — кат, быццам наўмысьля хоча мучыць, ірваць азьнібелае сэрца.

Але — як ён сьмее? Хто даў яму права так гаварыць? Хто дазволіў яму абражаць яе любага, таго, хто так многа ёй даў, праз каго яна так глыбока, так моцна шчасьце пазнала?..

Віктар! Любы Віктар! Каб быў ён тут, каб чуў сам гэту абразу, сам сябе абараніў! Бо яна-ж зусім слабая, яна ня здолее быць яго абаронцам.

А як жа тукае сэрца, як кіпіць унутры, як хочацца кінуцца зьверам на іх, на ўвесь сьвет на ўсіх, хто супроць яе мілага, хто так абражае яго.