тады й на душы ціхая празрыстасьць, спакойная ласка. Лідачка ў такія часіны сьпявае ціхую песьню („Зорка-Вэнэра“), Лідачка кідае кніжку і поркаецца ў старых пажоўклых паперах. Там лісты — радасьць і сьмех маладосьці — празрыстыя, ружовыя ўспамінкі.
Цяпер Лідачка тож сьпявае ціхую песьню і шые сабе новую сукенку.
Як гэта радасна — шыць новую прыгожую сукенку, у якой потым убачыць любы! Ён убачыць і ўсміхнецца — ласкавы, сьветлы, — залюбуецца. Здасца яму больш сьвежым яе хараство, больш яскравым, гарачэй будзе ён цалаваць. А яна — шчасьлівая — прытуліцца да яго, абаўе яго ласкай бязьмернай, будзе ўзірацца бясконца ў шаўковыя вочы яго, будзе гарэць чароўнай пяшчотай, адданасьцю.
— На, любы, бяры, калі хочаш, і мяне і гэту новую, прыгожую сукенку!..
Сёньня сьвята. Таму за сьцяной чуваць крокі Горскага. Ён дома і, як заўсёды, — працуе. А мо‘ думае толькі? Мо‘ аб ёй думае? Ці думае ён калі аб ёй?
Пэўна думае. Ён цяпер ніколі з ёй не гаворыць, ён сярдзіты такі ўвесь час, маўклівы, як воўк. Ён злуецца на яе, а значыць — думае аб ёй. Так.
А Лідачка на яго ня злуецца. За што? Што ён ня знае, не разумее шчасьця яе? Ку-