ма-ведама што. Але я зусім рэдка яго цалую. Ого! Няхай ён мяне, калі хоча, а я і хачу, ды ня буду. Во!..
— Лідачка! Раскажы, як ты з ім…
— Што-ж табе расказаць? Ну, мы з ім катаемся часта. Паедзем за горад, далёка-далёка, там адзін сьнег, кругом бела-бялютка. Ведаеш, гэта дужа прыемна… Пуста, нікога няма, адно поле. Ён так моцна, моцна абыме, прытуліць… І не халодна ні-ні… Раней, дык ногі мёрзьлі. А цяпер у мяне цёплыя боцікі… Ты бачыла мае боцікі? Праўда, любенькія? Ну, вось… А потым заедзем куды ў рэсторан. Вячэраем, п‘ём віно, шампанскае… У яго, ведаеш, дужа многа грошай. Ён багаты…
— Лідачка, родненькая… я далі-бог нікому не скажу… скажы, ці ты… аддалася?..
Лідачка хавае саромліва твар у падушку. Гаворыць глуха, ледзь чутна:
— Ага!
І раптам хапае Ніну, абымае парыўчата.
— Нікому ня скажаш?
— Што ты! Нікому у жыцьці. Толькі, Лідачка, ты раскажы… раскажы, даражэнькая…
Лідачка прыхіляе вусны да самага вуха і шэпча. Потым часінку моўчкі ляжаць, думаюць кожнае сваё. Ніна нясьмела пытаецца: