абняліся туга і пачалі цалавацца. Пастанова: ня спаць цэлую ноч, а гутарыць. Усё, усё-чысьценька адна аднэй расказаць.
Што Ніне расказваць? Яна зусім нічога ня ведае, у яе ў жыцьці ня было нічагутка. Яна нават яшчэ не кахала, і яе ніхто не кахаў. Во Лідачка! О, ёй ёсьць аб чым гаварыць. Хай толькі слухае Ніна, уважліва слухае, ды яшчэ прысягне хай спачатку, што ніколі нікому аж да саменькай сьмерці ня скажа ні слова.
— Ніначка, любая, ты ня ведаеш, як гэта добра. Ён мяне дужа кахае. Сапраўды. Я й сама раней думала, што… ну, упадабалася троху, думае: — Дзяўчына нішто, можна пагуляць… так сабе, жартам. Аж не, сапраўды кахае. Я ўжо ведаю, я адразу бачу. Каб ты ведала, Ніначка, як ён часамі глядзіць на мяне. У-у-у, вочы гэта чарнюшчыя, як вугаль, ды блішчаць блішчаць… Ён часамі возьме мяне на рукі ды носіць, як дзіцяне… Далібог, Ніначка .. Сьмешна так, хм… Ён моцны, дужа моцны, у яго рукі — проста жалезныя. Сапраўды. А прыгожы які… Ты бачыла? Я таксама яго дужа кахаю… Во… во, як кахаю. Ніначка, дзетачка, мне дык заўсёды хочацца яго цалаваць. Далібог… Здаецца-б цалавала, цалавала, цалавала… усё жыцьцё, во так… во… во… Нінка, я зусім дурная, сапраўды. Гавару ня-