Перайсці да зместу

Старонка:Голы зьвер (1926).pdf/26

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка не была вычытаная

бельнік, недалужна зьвісае з калена. Потым, схапянуўшыся, ён павольна моршчыцца, чэша сярэдзіну і асьцярожна выцягвае ўперад нагу. На насок бота ён расьцілае шмотку, кладзе другую нагу і зноў хвіліну сядзіць нярухома. У гэты момант ён думае:

— Заўтра трэба канечна падвесьці балянс… Так… Трэба, няйначай…

І бярэцца за бот. Цягне яго ён спакваля, з перадышкай, цягне сур‘ёзна, зморшчыўшы лоб і прыкусіўшы губу. Калі дрэнна ссуваецца бот, ён гладзіць халяву і адначасна ўсьміхаецца сам сабе, задраўшы ўгару галаву.

— Эх, хром… Любата… Такога ня ўсюдых і знойдзеш… Гумаляст, адным словам…

А зьдзеўшы бот, Шчупак доўга яго разглядае, засувае у халяву руку, шчупае зьверху й спадыспаду, стукае пальцам падэшву. Усьмешка ужо ня спускаецца з твару яго.

— Гэта дык боты… Боцікі, а ня боты. Арэх!..

Боты ён ставіць каля ложка, у галавах, а анучкі (усяго восем штук) расьцілае па хаце. Печка халодная, а так усё-ткі большы доступ паветра — лепш высахнуць.

З ботамі кончана. Але спаць шчупаку нешта ня хочацца. Таму ён стаіць некаторы час сярод хаты, спусьціўшы сваю барадзёнку, i аб нечым панура думае.