дасьці, калі парваўся дрот і мы паляцелі ў багну. Цэлы месяц тлумачэньняў не абмаляваў-бы так яскрава нашага становішча, як гэтая поўгадзіна бачанай вачыма перадачы.
Калі публіка паўставала з месцаў, то на нас пасыпаліся з усіх бакоў спачуваньні. Людзі тоўпіліся вакол нас, стукалі нас па сьпіне, — знак таго, што яны рады нам. Нас па чарзе пазнаёмілі з некаторымі правадырамі, але магутнасьць правадыроў была толькі ў іх мудрасьці, бо ўсе тут, здавалася, былі на аднэй і тэй самай соцыяльнай ступені і былі амаль аднолькава апрануты. Мужчыны насілі тунікі шафранавага колеру да кален, паясы і высокія боты з невядомага лускаватага пругкага матэрыялу, які, магчыма, быў скурай якогась морскага зьвера. Жанчыны былі надзіва прыгожа ўбраны ў клясычным стылі, і іх вопраткі мелі розны колер — ружовы, блакітны і зялёны. На іх было ўбраньне з пэрляў і чарапашынак, зьзяўшых рознымі колерамі. Шмат якія жанчыны былі такія прыгожыя, што ніякія земныя параўнаньні не падыходзілі да іх. Сярод іх была адна… але навошта ўводзіць мае асабістыя пачуцьці ў гэтае апавяданьне, прызначанае для ўсіх. Дазвольце мне толькі сказаць, што Мона — адзіная дачка Скарпа, аднаго з правадыроў народу, і што з першага дня спатканьня я прачытаў у яе цьмяных вачох вестку сымпатыі і спачуцьця, якія дайшлі да майго сэрца, як і мая ўдзячнасьць і захапленьне дайшлі, мабыць, да яе сэрца. Я цяпер ня буду болей