Перайсці да зместу

Старонка:Глыбіня Маракота.pdf/31

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

вельмі добра. Дыхаць было лёгка і добра, як на палубе карабля. Стрэлка вымяральніка глыбіні паволі рухалася па асьвечаным цыфэрбляту. Чатырыста, пяцьсот, шэсьцьсот...

— Як вы сябе адчуваеце? — загуў спалоханы голас зьверху.

— Вельмі добра, — гукнуў Маракот.

Але сьвет слабеў. Цяпер быў шэры змрок. Хутка зрабілася ноч.

— Спыніцца тут, — гукнуў наш правадыр. Мы перасталі рухацца і завісьлі на семсот футаў пад роўнем мора. Я пачуў, як пстрыкнуў выключальнік і ў наступную хвіліну пырснуў яркі залаты сьвет які доўгімі бліскучымі дарогамі праз нашы вокны асьвятляў водную пустыню. Мы бачылі тое, чаго ніколі ня бачыў чалавек. Да гэтага часу мы ведалі гэты слой морскай глыбіні толькі па тых нямногіх рыбах, якія плылі вельмі паволі, каб уцячы ад нашага нязграбнага неваду. Цяпер мы бачылі дзіўны вадзяны сьвет такім, якім ён быў сапраўды. Калі мэтай стварэньня быў чалавек, то дзіўна, чаму акіян больш заселены, чым зямля. Мы ўжо прайшлі верхнія слоі, дзе рыбы або ня маюць колеру, або маюць морскую афарбоўку, ультрамарынавыя на сьпіне і срабрыстыя пад жыватом. Тут-жа былі істоты рознастайных афарбовак і формаў, якія толькі існуюць у моры. Крохкія Leptocephalus або лярва вугроў імчаліся міма, як палоскі бліскучага срэбра.