Старонка:Географія Эўропы Усходняя Эўропа.pdf/30

З пляцоўкі Вікікрыніцы
Гэта старонка была вычытаная

Суомэнсэльке, цягнецца на паўднёвы захад раўналежна берагу Батніцкае затокі. За выключэньнем гэтых грудоў большая частка краіны ледзьве падымаецца на 100-200 мэтраў над р. м. Узьбярэжжы Фінляндыі каля Батніцкае затокі на поўначы нізкія і плоскія, на поўдні―скалаватыя, зрывістыя. Каля іх у моры раскідана шмат скалаватых астраўкоў-шхер, якія ў самай вузкай частцы Батніцкае затокі скучыліся ў так званае Кваркенскае згуртаваньне. Такое самае згуртаваньне астравоў, толькі значна большых, ляжыць у тым месцы, дзе Батніцкая затока злучаецца з Балтыцкім морам. Гэта так званыя Аляндзкія астравы, якія маюць вялікае вайсковае значэньне, бо замыкаюць выйсьце з Батніцкае затокі.

З гэтай прычыны з-за Аляндзкіх астравоў доўга спрачаліся Расія, Фінляндыя і Швэдзія. Цяпер гэтыя астравы нэйтралізованы.

Многалічныя шхеры ляжаць і у Фінскай затоцы каля берагоў Фінляндыі. Толькі мясцовыя лёцманы з паўзьбярэжных рыбакоў умеюць праводзіць судзіны сярод шхер у бясьпечныя букты ўзьбярэжжа.

Галоўнай адзнакай і акрасай Фінляндзкага краявіду зьяўляецца надзвычайнае багацьце на вазёрах. Болей за 12 краіны знаходзіцца пад вазёрамі. Вазёры гэтыя маюць вельмі многа заток, злучаюцца адно з адным і заўсёды выцягнуты з пн.-пн. захаду на пд.-пд.-усход. Гэта таксама, як і у Паўночнай Швэдзіі, — яміны, выдраныя даўным ледавіком. Чаргуючыся з ляснымі нізінамі і ўзгоркамі, з голымі скаламі і морзнавымі грудамі, вазëры дадаюць чароўнае хараство фінляндзкаму краявіду.

Найвялікшым возерам краіны (ня лічачы Ладаскага, да якога сягае Фінляндыя на пд. ўсх.) зьяўляецца Сайма. 3 яго ў Ладаскае возера выцякае р. Вуокса, слынная прыгожым вадаспадам Іматрай. Наагул усе рэкі Фінляндыі парогавыя, нявыгодныя для руху судзінаў. Затое вазёры ўсюды зьяўляюцца добрымі дарогамі. Некаторыя з іх злучаны паміж сабой каналамі, а Сайма злучаецца суднаходным каналам беспасрэдна з фінскай затокай.

Клімат краіны яшчэ сушэйшы, як у Паўночнай Швэдзіі, лета тут цяплейшае, зіма халаднейшая.

(Места Kyonіo мае сярэднюю тамп. году +2,8°, студзеня -9,7° ліпеня +17,6°).

Аднак і тут улетку часта здараюцца ранічныя маразы, а зьлішак вільгаці ў грунтох перашкаджае ральніцтву. Каб сабраць ураджай, трэба спачатку асушыць зямлю, потым павыбраць буйнае ледавіковае каменьне, і толькі тады можна пачынаць сяўбу.

Лепей за ўсё тутака сеяць бульбу, авёс і жыта, але свайго хлеба не хапае і гадоўля жывёлы мае большую вагу, як ральніцтва. Вельмі пашырана малачарства, а масла займае важнае месца ў вывазе за межы. Наагул сельская гаспадарка мае добрае становішча. Паўсюды ўжываюцца палепшаныя сельска-гаспадарчыя прылады, палепшаныя спосабы ральніцтва, скаціна адзначаецца добрай якасьцю. Аднак галоўнае багацьце краю — лес. 58% зямлі знаходзіцца пад хваёвымі і яловымі лясамі. Валка і сплаў