- Калісь у далёкую даўніну на месцы сучаснага Кастыльскага плоскаўзвышша былі два возеры, ад якіх захаваліся толькі мяккія адклады з рэшткамі вазёрных жывёл. З часам гэтыя вазёры або ўсохлі, або спусьцілі сваю ваду за дапамогай рэк, якія прабіліся адгэтуль да акіяну.
Краіна выглядае гладкай, як стол, раўнінай, абкружанай зубкаватымі горстамі, якія тут завуцца сьерамі (што азначае пагішпанску "піла"). Адна з гэтых сьераў - Сьера-Гвадарама - упоперак пераразае ўсю краіну і дзеліць яе на Старую Кастылію (на поўначы) і Новую Кастылію (на поўдні). (Паводле карты пералічы, якія "сьеры" абхапляюць Кастыльскае плоскаўзвышша з усходу ды з поўдня).
На ўсходзе Мэзэта вышэй, як на захадзе, і рэкі яе (Дуэро, Тахо, Гвадыяна) з гэтай прычыны цякуць пераважна на захад у бок Атлянтычнага акіяну, шмат у якіх месцах прабіваюцца скрозь гранітныя сьеры, цякуць па глыбокіх цясьнінах і зьяўляюцца нявыгоднымі для руху параходаў. Клімат краіны вельмі сухі, контынэнтавы. Морскія вятры, каб трапіць на плоскаўзвышша, мусяць пераваліць праз ускрайныя горсты, на якіх і пакідаюць сваю вільгаць. (Чаму вятры страчваюць сваю вільгаць, калі пераходзяць цераз горы?). Заўсёды яснае неба, улетку пыл і сьпякота, узімку сьцюджа - вось галоўныя адзнакі Кастыльскага клімату.
- Горад Мадрыд, што ляжыць у сярэдзіне плоскаўзвышша, мае сярэднюю тэмпэратуру студзеня - 4,9°, а ліпеня +24,5° (паводле тэрмомэтра Цэльсія). Часамі ўзімку бываюць маразы ў - 7°, а ўлетку гарачыня ў цені дасягае аж да +39,6°.
Толькі на знадворных схілах ускрайных горстаў могуць расьці лясы або хмазьнячкі (чаму?), па раўнінах-жа недахват вільгаці перашкаджае ўзрастаньню дрэў. Хіба што ў далінах рэк пры штучным абвадненьні магчыма ўзгадаваць садок. Вялізныя прасторы раўнін паміж далінамі зьяўляюцца голым, часта саланчаковым стэпам. Маленькія салоныя вазёры ды салоныя балоты зусім бяз жаднай траўкі чаргуюцца з убогай пашай для авечак, на якой расьце скудная рэдкая сухая трава: палын, трава-эспарто, ці часам маленькія калючыя хмызьнячкі. Улетку сонца выпальвае апошнюю траву, і краіна робіцца бязмаль-што запраўднай пустыняй. Земляробства магчыма ў краіне толькі ў рэчных далінах ды дзе-ні-дзе на поўначы. Мала дзе спаткаеш поле кіяхоў або пшаніцы; большая частка зямлі або зусім не дае аніякай карысьці, або дае толькі скудную спажыву для статкаў дробнай жывёлы: авечак і коз. У невялікай колькасьці насельнікі трымаюць яшчэ сьвіней, аслоў і мулаў, але й гадоўля жывёлы дае мала карысьці. Узімку, калі зямля пакрываецца сьнегам, скаціну жывяць саломай, або часьцей гоняць яе далёка ў нізіны, за некалькі сотняў вёрст, дзе клімат цяплейшы й зямля не пакрываецца сьнегам. Траву-эспарто пастухі зьбіраюць і робяць з яе кошыкі. Там, дзе ёсьць зямля, гожая на ральлю, там яна звычайна належыць, да буйных земляўласьнікаў-шляхтуноў; сяляне-ж жывуць бедна і бязмаль-што дарма гаруюць на панскай зямлі.